З 3 па 5 студзеня ў Лебедзеве праходзілі адмысловыя рэкалекцыі для юнакоў, прысвечаныя распазнанню жыццёвага паклікання. Духоўныя практыкаванні праводзіў кс. Андрэй Рылка, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.
Хлопцы з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на працягу трох дзён у малітве і на разнастайных духоўна-пазнавальных занятках знаёміліся з гісторыямі паклікання вялікіх біблейскіх постацей, параўноўвалі іх перажыванні з тым, што сустракае ў сваім жыцці сучасная моладзь.
У межах рэкалекцый юнакі наведалі гістарычныя мясціны парафій ў Палачанах і Беразінскім. Пробашч парафіі кс. Сяргей Бараўнёў, між іншым, паказаў удзельнікам рэкалекцый руіны старадаўняга касцёла ў в. Аборак, які з даўніх часоў быў месцам пілігрымак як санктуарый з цудадзеным абразом св. Роха.
На завяршэнне рэкалекцый кс. Андрэй Рылка распавёў юнакам пра разнастайныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў дыяцэзіях Беларусі для тых, хто разважае над сваім пакліканнем.
Між іншым святар расказаў пра акцыю «Стань клерыкам на ўік-энд», у межах якой юнакі могуць прыехаць у Міждыяцэзіяльную духоўную семінарыю ў Пінск на некалькі дзён, каб акунуцца ў рытм жыцця клерыка, бліжэй пазнаёміцца з месцам, дзе ўзрастаюць у сваім пакліканні будучыя святары.
Духоўныя практыкаванні скончыліся малітвай удзячнасці за дар рэкалекцый і іх арганізацыю. Словы асаблівай падзякі былі выказаны кс. Уладзіміру Русаку, гаспадару сустрэчы, пробашчу парафіі ў Лебедзеве, адказнаму за душпастырства пакліканняў да святарства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.