Пошук

05.01.2017 11:18   Тэкст і фота: Кс. Кірыл Бардонаў / Фота: Мар'ям Лавал / Catholic.by

Ноччу з 4 на 5 студзеня ў Бабруйску ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося начное чуванне моладзі Магілёўшчыны. Дэвізам малітоўнай сустрэчы сталі словы «Быць сынамі Святла».

У чуванні, якое ў такім фармаце ў Бабруйску праходзіла ўпершыню, прыняло ўдзел каля 40 юнакоў і дзяўчат з розных парафій Магілёўскай вобласці. Сустрэча распачалася каляднай інсцэніроўкай, якую падрыхтавалі дзеці і моладзь бабруйскай парафіі.

Затым да прысутных з прамовай на тэму святасці ў штодзённым жыцці звярнуўся айцец дамініканін Павел Мажэйка OP. Біскуп вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB правёў для моладзі духоўнае чытанне (lectio divina) на аснове ўрыўку з Апакаліпсісу святога Яна (Ап 3, 14–22).

Галоўным пунктам сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Яшэўскі. У гаміліі іерарх засяродзіўся на ўрыўку з Евангелля паводле Мацвея (Мц 5, 13–16), у якім Езус называе сваіх вучняў соллю і святлом свету.

«Словы “вы святло свету” прамаўляе Езус з Назарэта — Бог, які стаў чалавекам. Таму ці можам мы іх ігнараваць або ў іх сумнявацца?» — заклікаў задумацца прысутных біскуп Аляксандр.

«Кім з’яўляліся тыя, да каго, кажучы “вы”, прамаўляў Хрыстус? Кантэкстам гэтых слоў было казанне на гары, калі вялікі натоўп слухаў Езуса. Здаецца, што “вы” — гэта тыя, хто больш за 2000 гадоў таму слухаў Божага Сына. Якім жа правам гэтыя словы належаць і нам? Чаму і мы таксама — святло свету? Таму што і мы з’яўляемся вучнямі Хрыста і Яго сведкамі», — падкрэсліў іерарх.

«Стаць святлом свету азначае стаць бачным для іншых. У святле ёсць сэнс тады, калі яго відаць, — дадаў біскуп Яшэўскі. — А нашым святлом у першую чаргу з’яўляюцца нашыя ўчынкі».

Пасля святой Імшы чуванне працягвалася да самай раніцы. На заканчэнне ўдзельнікі прапанавалі магчымую дату наступнай сустрэчы моладзі Магілёўскага рэгіёну.

Кс. Кірыл Бардонаў
Фота аўтара і Мар'ям Лавал

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 12.06.2017 14:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа