2 студзеня ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) прайшла аплаткавая сустрэча для святароў Мінска і Мінскага раёна і ўдзельнікаў руху «Маргарытка». Распачалася сустрэча святой Імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Супольная сустрэча святароў і гэтай групы вернікаў сімвалічная, бо сутнасць апостальскага руху «Маргарытка» заключаецца ў штодзённай малітве за канкрэтнага святара альбо законную сястру.
У гаміліі, якую прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, была ўзгадана гісторыя з’яўлення малітоўнага і апостальскага руху «Маргарытка». У Канадзе на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя дзяўчынка Маргарэт моцна захварэла. Немач не перашкодзіла гэтай 13-гадовай дзяўчыне ўбачыць у сваіх цярпеннях дар ад Бога і ахвяраваць яго за святароў.
Біскуп Юрый заклікаў прысутных удзельнікаў руху да больш глыбокага асэнсавання свайго паклікання маліцца за святароў. Іерарх падзякаваў за гэтую ахвярную малітву і падтрымку святароў.
Пасля заканчэння святой Імшы ў белай зале святыні ў цёплай і сямейнай атмасферы прайшло дзяленне аплаткай.
Між іншым, група вернікаў з вілейскай парафіі арганізавала і ўручыла «Маргарытку» біскупу Юрыю Касабуцкаму.
Для ўдзельнікаў апостальскага руху сустрэча завяршылася арганізацыйнай сустрэчай, малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці і благаслаўленнем у капліцы Маці Божай Будслаўскай.
Святлана Пашкевіч
(VGr)