Пошук

23.12.2016 00:00  

/2/images/stories/news/2009/12/mitropolit-rozdestwo-01.jpg«Уцелаўленне — гэта ўваход бязгрэшнага Бога ў сферу чалавечай грэшнасці з мэтай прыняць на сябе грахі чалавецтва і ў чалавечым целе перажыць драму аддалення і адначасова драму вяртання чалавека да Бога», — чытаем у пасланні Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне.

Тэкст паслання на польскай мове >>>

ДАЗВОЛЬЦЕ ЯМУ ПРЫЙСЦІ

«Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся!»

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

1. Сардэчна вітаю вас усіх гэтым святочным воклічам і віншую з радасным і поўным духоўнага зместу святам Божага Нараджэння, калі мы адзначаем таямніцу Уцелаўлення Сына Божага.

Сёлетнія разважанні пра цуд Бэтлеемскай ночы, які меў месца больш за 2000 гадоў таму, дазвольце распачаць наступным аповедам. Падчас калядных адведзінаў святар пастукаў у дзверы аднаго дома. Ніхто не адказаў, хаця было чутна, як працуе радыё. Ён пастукаў мацней. Тое самае. Трэці раз. Нічога. Тады ён узяў сваю візітоўку і напісаў на ёй словы за Святога Пісання: «Вось, стаю каля дзвярэй і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён са Мною» (Ап 3, 20).

У наступную нядзелю святар убачыў сваю візітоўку ў кошыку з ахвярамі, якія збіраюцца падчас набажэнства. Там было напісана: «Я бачыў цябе праз акно, але пабаяўся адчыніць дзверы».

2. Гэты аповед мае цесную сувязь з таямніцай Уцелаўлення і прыняцця яе людзьмі. Марыя з Юзафам шукаюць месца, дзе мог бы нарадзіцца Збаўца свету. Яны стукаюць у дзверы розных дамоў і гатэляў, але нідзе няма месца для іх (пар. Лк 2, 7). Езус прыйшоў да сваіх, але яны Яго не прынялі (пар. Ян 1, 10).

Гісторыя Бэтлеемскай начы не завяршылася. Яна паўтараецца. Езус і сёння стукае ў дзверы нашых сэрцаў і хоча нас адведаць, хоча знайсці ў іх месца, хоча быць з намі, хоча адарыць нас сваім словам і збаўчай ласкай.

Ці адчыненыя дзверы нашых сэрцаў? Ці чакаем мы Езуса? Ці ахвотна мы Яго прымаем? Гэтае пытанне сёння з’яўляецца як ніколі актуальным. Бог мае свой план адносна кожнага з нас. Ён няспынна дзейнічае ў гісторыі. Услухаемся толькі: Ён стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Ці гатовыя мы адчыніць?

3. Святы Айцец Францішак падчас сёлетняга Сусветнага Дня Моладзі ў Кракаве прыгадаў словы св. Яна Паўла II з гаміліі падчас інаўгурацыйнай Імшы яго Пантыфікату: «Адчыніце дзверы Хрысту!» — і дадаў, што мы павінны пачуць рэха закліку Вялікага Пантыфіка (пар. PFwP, c. 100). Яно павінна гучаць у нашых сэрцах. Хрыстус павінен там знайсці месца, бо толькі ў Ім чалавек можа пазнаць сябе і толькі Ён дае надзею.

У нашым жыцці мы заўсёды чагосьці жадаем і да чагосьці імкнёмся. Найчасцей хочам быць багатымі, славутымі, папулярнымі. Гэта натуральна, бо чалавек імкнецца да лепшага жыцця і хоча ўдасканальвацца. Аднак мы добра ведаем, што спаўненне ўсіх гэтых жаданняў не можа нас задаволіць да канца, аб чым сведчыць штодзённае жыццё.

Таму нашым самым запаветным жаданнем павінна быць імкненне дасягнуць таго, што будзе працягвацца вечна. У гэтым мы адрозніваемся ад іншых стварэнняў. Малады закаханы чалавек хоча, каб любоў ніколі не завяршылася і не задавальняецца толькі часовымі пачуццямі. Таму, каб быць сапраўды шчаслівым, чалавек павінен жадаць вечнага Бога. Не супакоіцца маё сэрца, пакуль не спачне ў табе, Божа, кажа св. Аўгустын.

4. Нараджэнне Хрыста — гэта ўваход бязмежнага Бога ў вобразе малога бездапаможнага дзіцяці ў гісторыю чалавецтва, каб яно спачыла ў ім. Дзякуючы таямніцы Уцелаўлення Бог стаў чаканым Эммануэлем — Богам з намі. Ён увайшоў у нашае жыццё, каб дзеля нас перажыць узніклую з-за граху драму адносін чалавека з Богам з мэтай усталявання новых адносін паміж імі.

Гэта мог учыніць толькі ўцелаўлёны Сын Божы і ніхто іншы. Ніхто, акрамя Яго, так не перажыў драму адыходу чалавека ад Бога, як гэта перажыў Хрыстус. Ніхто таксама не мог паўней перажыць драмы вяртання чалавека да Бога, як Ён, які дзеля гэтага ахвяраваў сваё жыццё на дрэве крыжа.

Прыйсце Сына Божага ў свет звязана з аб’яўленым адразу пасля грэхападзення Адама і Евы Божым планам збаўлення чалавека. Таму Уцелаўленне — гэта таксама ўваход бязгрэшнага Бога ў сферу чалавечай грэшнасці з мэтай прыняць на сябе грахі чалавецтва і ў чалавечым целе перажыць драму аддалення і адначасова драму вяртання чалавека да Бога.

Дзякуючы таямніцы Уцелаўлення Сын Божы прыйшоў на нашу зямлю і стаў нашым спадарожнікам на шляхах нашага жыцця. Ён — Божае Слова, якое стала целам. Ён — поўня быцця, бо «ўсё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася” (Ян 1, 3). Ён — выява нябачнага Бога, якога ніхто і ніколі не бачыў. Толькі Адзінародны Сын Яго аб’явіў (пар. Ян 1, 18).

5. Божае Нараджэнне — гэта магчымасць, якая аднаўляецца кожны год, каб паглыбіць прысутнасць Бога сярод нас і нашу еднасць з Ім.

Гэтае свята нагадвае пра тое, што нашае жыццё не можа ў поўні існаваць без пастаянных адносін з Богам.

Перажываючы радасць Бэтлеемскай ночы, мы таксама павінны памятаць, што Бог выбраў планету Зямля, каб яна была сціплым домам для Яго ўцелаўлёнага Cына. У гэтым доме Ён жыў і ў ім аддаў сваё жыццё дзеля нас і нашага збаўлення. Учыніў гэта для таго, каб нанова адарыць чалавецтва поўняю жыцця, незалежна ад паходжання, колеру скуры, мовы, бо ў Яго вачах кожны чалавек і кожны народ з’яўляецца надзвычайнай каштоўнасцю, і дзеля кожнага з нас Ён прыйшоў у гэты свет.

6. Таму галоўным пасланнем Божага Нараджэння з’яўляецца запрашэнне да новага і настойлівага намагання заўсёды заставацца перад абліччам Бога, каб пазнаваць Яго волю і жыць згодна з ёй. Гэтым пасланнем таксама з’яўляецца аднаўленне нашага рэлігійнага і духоўнага жыцця ў адпаведнасці з духам Евангелля і вучэння Касцёла.

А аднаўляць ёсць што.

Сучасны свет усё больш і больш акунаецца ў розныя крызісы, ліхаманкава шукае выйсця з іх і, абапіраючыся толькі на свае чалавечыя сілы і магчымасці, не можа знайсці. Прычыну ўсіх крызісаў найперш неабходна шукаць у маральным крызісе, які завалодаў чалавецтвам, а выйсце — у Божай дапамозе. Не без прычыны Езус сказаў, што без Яго нічога не зможам зрабіць (пар. Ян 15, 5).

А быць з Ім азначае жыць паводле Божага закону. Нярэдка можна пачуць, што Божы закон абмяжоўвае свабоду чалавека. Аднак ніхто не кажа, што дарожныя знакі абмяжоўваюць свабоду вадзіцеля. Яны патрэбныя для таго, каб бяспечна весці аўтамабіль і даехаць да мэты нашага падарожжа. Падобна і Божы закон дадзены не для абмяжоўвання свабоды чалавека, але для яго дабра, каб ён мог бяспечна дайсці да мэты свайго зямнога падарожжа ў шчаслівую вечнасць.

Сучасныя тэндэнцыі імкнення да свабоды без адказнасці і непрызнанне існавання абсалютнай праўды, якою з’яўляецца Божы закон, з’яўляюцца галоўнай прычынай многіх крызісаў.

Адным з найбольш хвалюючых з’яўляецца крызіс сям’і як галоўнай клеткі кожнага грамадства. Разводы становяцца нормай, якая вядзе не толькі да асабістай трагедыі мужчыны і жанчыны, але і дзяцей, якія застаюцца сіротамі пры жывых бацьках.

Змяняецца само паняцце сям’і, як Богам устаноўленага адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця і дапамогі адно аднаму, нараджэння патомства і яго выхавання. Замест гэтага заканадаўства палова краін Еўрасаюза ўжо легалізавала гомасексуальныя сужэнствы і пры гэтым з правам усынаўлення. Дзіцяці патрэбны бацька і маці. Хто ў такім выпадку іх заменіць? Хто ахіне ўсыноўленых дзяцей матчынай ласкай? Хто ў іх выхаванні заменіць патрабуючую любоў бацькі?

У сем’ях астывае дух малітвы. Бацькі ўсё радзей даюць прыклад сапраўднага рэлігійнага жыцця сваім дзецям.

Замест таго, каб усёй сям’ёй у нядзелю ісці ў касцёл, яны наведваюць супермаркеты, стадыёны, канцэртныя залы. Ніхто не кажа, што яны не патрэбны, але яны не могуць пераўтварацца ў новыя касцёлы, дзе можна знайсці ўсё, акрамя Бога. Бацькі павінны памятаць, што яблык ад яблыні не далёка коціцца, і таму прыклад іх рэлігійнага жыцця вельмі важны ў выхаванні маладога пакалення.

Самы вялікі Божы дар, якім з’яўляецца дар жыцця, дэвальвуецца. Яно становіцца таварам, які можна набыць і прадаць. Выкарыстоўваючы самыя новыя дасягненні генетыкі, ім можна маніпуляваць. Распаўсюджваецца практыка абортаў, што з’яўляецца забіццём ненароджанага жыцця. Аборт — гэта акт агрэсіі супраць бездапаможнай і безаброннай чалавечай істоты. Ён вядзе да пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі з яе наступствамі, у тым ліку да міграцыйнага працэсу, які ў Заходняй Еўропе перарадзіўся ў вялікі крызіс. З аднаго боку, міграцыя выклікана сітуацыяй у Сірыі, на Блізкім Усходе і ў некаторых краінах Азіі. Але з іншага, Еўропа патрабуе гэтай міграцыі. Гэта наступства дэмаграфічнага крызісу: стары кантынент старэе і патрабуе новых рук для працы. Еўропа, паводле слоў папы Францішка, стала няплоднай бабуляй  (пар. http://en.radiovaticana.va/news/2014/11/25/ pope_francis_address_to_european_parliament/1112318), з усімі выплываючымі з гэтага наступствамі.

Стары кантынент перажывае працэс дэмаграфічнага самагубства, выйсця з якога не гарантуюць ні палітычныя, ні эканамічныя рашэнні, бо гэта праблема сэрца, праблема духоўнага стану грамадства.

Касцёл цвёрда стаіць на прынцыпах абароны жыцця і таму ў сваім вучэнні выказваецца за забарону смяротнага пакарання. Жыццё — гэта самы вялікі і каштоўны Божы дар. Бог даў, і ніхто не мае права яго адабраць. Вядома, што кожнае злачынства, асабліва забойства, — гэта зло, бо ніхто не верне жыцця. Аднак, у наш час існуе дастаткова метадаў абясшкодзіць злачынца так, каб ён нікому не мог прычыніць зла і адбываў пажыццёвае зняволенне. Устрыманне ад смяротнай кары адпавядае годнасці чалавечай асобы, умовам агульнага дабра і з’яўляецца выразам павагі да права кожнага чалавека на жыццё.

Мэтай адмены смяротнага пакарання з'яўляецца абарона чалавечай годнасці, на якую мае права таксама і забойца, як вучыць св. Ян Павел II (пар. EV 56. 9). Трэба памятаць і пра тое, што існуе магчымасць судовай памылкі, якую пасля выканання смяротнага пакарання не магчыма выправіць.

Паводле папы Францішка, смяротнае пакаранне абсалютна не прымальна. Яно зневажае непарушнасць жыцця і годнасці чалавечай асобы, супярэчыць Божаму плану адносна канкрэтных людзей і Ягонай міласэрнасці. Божы закон «не забівай» мае абсалютную вартасць і датычыць як невінаватых, так і вінаватых (пар. http://gosc.pl/doc/3249764.Papiez-Dzis-kara-smierci-jest-nie-do-przyjecia). Таму адмена смяротнага пакарання павінна стаць фундаментальнай каштоўнасцю грамадства.

Нагадваючы пра сучасныя праблемы, асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на мас-медыі, роля якіх з кожным днём расце. Яны фарміруюць грамадскую думку і таксама чалавека. Сучасная моладзь выхавана на СМІ. І таму тое, якой яна будзе, шмат у чым будзе залежаць ад мас-медый і таго, што яны нясуць свету. На жаль, вельмі часта замест таго, каб несці агульначалавечыя і маральныя каштоўнасці, СМІ нясуць антыкаштоўнасці.

Падобна і з культурай, якая ўсё часцей прапануе амаральныя сцэны, на якіх таксама выхоўваецца чалавек.

Узнікаюць новыя багі, якімі з’яўляюцца славутыя артысты, спартсмены, палітыкі, багацце і г.д. Гэта праўда, што патрэбны вялікія намаганні, каб быць славутым, але нельга абагаўляць чалавека і пакланяцца багаццю: Богу аднаму будзеш кланяцца, кажа Хрыстус (пар. Мц 4, 10).

Вялікую трывогу выклікае супярэчная духу хрысціянства практыка магіі, акультызму, астралогіі, азартных гульняў, вядзьмарства, хэлоўіну і іншага. Усё гэта распаўсюджваецца з вялікай моцай і ўцягвае чалавека ў новыя залежнасці, з якіх цяжка выбрацца і якія вядуць да жыццёвых трагедый.

На жаль, гэтыя і многія іншыя паталогіі сучаснага свету ўспрымаюцца як прагрэс, праяўленне свабоды і рэалізацыя правоў чалавека. Усё гэта чыніць залежным, а не свабодным, і вядзе да зневажання чалавечай годнасці, якая становіцца запраграмаваным аб’ектам, з якім можна чыніць усё што хочацца, як кажа папа Францішак (пар. http://en.radiovaticana.va/news /2014/11/25/pope_francis_address_to_European_parliament/1112318).

Нашы продкі падчас ганенняў на Касцёл захавалі веру і перамаглі несвабоду, а ці пераможам мы са свабодай, якая з’яўляецца вельмі патрабавальным выклікам? Сучасны свет маральна сапсаваны, што можа прывесці да трагедыі. Падобна таму, як законы фізікі няўмольныя і немагчыма доўга стаяць на нахіленай паверхні, таксама немагчыма нармальна жыць, не захоўваючы Божы закон.

6. Дзе шукаць выйсця ў такой сітуацыі, якая ўсё больш нагадвае пра маральную ноч?

Сёння Касцёл скіроўвае наш позірк у напрамку Бэтлеема, дзе заззяла Бэтлеемская зорка, святло якой свеціць і сёння. Вядома, што зоркі нараджаюцца і паміраюць. Бэтлеемская зорка не памерла, яна свеціць, бо яе святло — гэта святло вечна жывога і актуальнага Евангелля.

Каляды прыходзяцца на час зімняга сонцастаяння — час парадоксу, калі святло прабіваецца падчас самай цёмнай пары года. Падобна таму, як таямніча адраджаецца святло сонца, таксама Божае Нараджэнне дае нам магчымасць духоўна адрадзіцца і ўзрастаць у Божым святле, якое свеціць у духоўнай цемры сучаснага свету.

Таму Нараджэнне Пана — гэта свята адраджэння духоўнай іскры ўнутры нас, нават падчас цёмнай халоднай духоўнай зімы і знак новай надзеі, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18).

7. Божае Нараджэнне — гэта не толькі і не столькі святкаванне гістарычнага факту Уцелаўлення Сына Божага, які змяніў ход гісторыі чалавецтва. Гэта таксама ўсведамленне таго, што ў гэтую Святую Ноч Ён напаўняе нашы душы сваёй збаўчай ласкай. Вядомы нямецкі святар і паэт XVII стагоддзя Анджэлус Сілезіюс казаў: калі б Хрыстус нарадзіўся ў Бэтлееме нават тысячу разоў, але не нарадзіўся ў нашым сэрцы, то і гэта не дапамагло б нашай душы (пар. http://www.azquotes.com/author/19709-Angelus_Silesius).  

Перажываючы радасць свята Божага Нараджэння мы павінны засяродзіцца не толькі і не столькі на знешнім святкаванні, колькі на яго сутнасці: ці дазваляем мы Езусу нарадзіцца свёй ласкай у нашых сэрцах і душах, каб Яго духоўная энергія дапамагла нам вырашыць праблемы і крызісы, з якімі мы сустракаемся.

Словы Вялікага Папы св. Яна Паўла II «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!» (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/en/homilies/1978/ documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato.html) павінны адгукнуцца моцным рэхам у нас саміх і на нашай зямлі, каб мы сапраўды адчувалі сябе дзецьмі Божымі, вызваленымі Хрыстом да свабоды (пар. Гал 5, 1), каб бараніць і змагацца за яе. Гэта няпроста. Для гэтага неабходна быць адважным, замяніць выгодны канапавы стыль жыцця на пару абутку, каб ісці па шляхах Хрыста, па дарогах, якія адкрыюць новыя гарызонты, з мэтай адшукаць радасць, якая нараджаецца з любові Бога, як кажа папа Францішак (пар. PFwP, c. 113).

У цішыні Бэтлеемскай ночы ўважліва прыслухаемся і пачуем стук Езуса ў дзверы нашых сэрцаў. Не боймася прыняць Яго, і Ён духоўна нас пераменіць і адорыць новай надзеяй.

8. Браты і сёстры!

У гэтае радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння сардэчна віншую ўсіх вас і жадаю, каб Езус сваёю ласкай нарадзіўся ў вашых душах і быў прысутны на вашых жыццёвых шляхах як той, які з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём (пар. Ян 14, 6).

Віншую хрысціян іншых канфесій, якія сёння святкуюць з намі Божае Нараджэнне. Жадаю ім поўні святочнай радасці і дароў Нованароджанага Збаўцы. Няхай наш супольны спеў «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14) напаўняе нашу Айчыну.

Са словамі сардэчнага прывітання і найлепшых пажаданняў звяртаюся да праваслаўных братоў і сясцёр, якія перажываюць Адвэнт. Няхай ён стане для вас благаслаўлёным часам падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння паводле Юліянскага календара, каб праз два тыдні мы аб’ядналіся ў супольным святкаванні радаснай таямніцы Уцелаўлення Сына Божага.

Віншую ўсіх людзей добрай волі. Каляды належаць ўсяму свету, бо Сын Божы стаўся члавекам дзеля збаўлення ўсіх людзей.

Усім вам, дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі, суайчыннікі, жадаю поўні ласкі Немаўляці Езуса і Яго супакою на святы Божага Нараджэння і на надыходзячы Новы 2017 Год!

Свае святочныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога, а на знак еднасці дзялюся традыцыйнай аплаткай. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск,
18 снежня 2016 г.
IV нядзеля Адвэнту

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Ян Павел II. Энцыкліка Evangelium vitae (EV).
2. Papież Franciszek w Polsce. 27-31 lipca 2016. Przemówienia i homilie. Michalineum 2016 (PFwP).
3. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/en/homilies/1978/documents/ hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato.html.
4. http://gosc.pl/doc/3249764.Papiez-Dzis-kara-smierci-jest-nie-do-przyjecia).
5. http://en.radiovaticana.va/news/2014/11/25/pope_francis_address_to_ European_parliament/1112318.        
6. http://www.azquotes.com/author/19709-Angelus_Silesius.

P.S.    Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам на Божае Нараджэнне 25 снежня 2016 г.

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця