Пошук

21.12.2016 00:00  

21 снежня ў мінскай архікатэдры прайшла перадкалядная сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святую Імшу з удзелам духавенства і дапаможных біскупаў архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Доўгачаканы Месія прынёс у наш свет святло Божага права любові, святло прабачэння і ласкі, — нагадаў на пачатку гаміліі арцыпастыр. — Папа Бэнэдыкт XVI вучыць, што ў літургіі Касцёла, у яго малітве і ў супольнасці вернікаў мы зведваем бязмежную любоў Бога, адчуваем яго прысутнасць і вучымся распазнаваць Яго ў нашай штодзённасці».

У Адвэнце, як нагадаў Мітрапаліт Кандрусевіч, мы разважаем «пра падрыхтоўку дарогі прыходзячаму Збаўцу ў вобразе чалавека і пра тую любоў, якая прывяла Бога на зямлю».

«Таямніца Богаўцелаўлення — гэта таямніца цуду Божай любові, на якую вернікі павінны адказаць падобнай любоўю. Але найперш гэта павінны ўчыніць святары і кансэкраваныя асобы. Мы павінны быць тымі, хто, зведаўшы любоў Бога, будзе сведчыць пра яе людзям і вучыць іх так любіць», — звярнуўся іерарх.

Для рэалізацыі гэтага паклікання неабходна пастаяннае прабыванне з Богам. Толькі ў такім выпадку, як падкрэсліў арцыпастыр, святар можа распазнаць у іншым чалавеку вобраз Бога.

«Калі мы, як духоўныя асобы, не звяртаем належнай увагі на другога чалавека, а з’яўляемся толькі аўтаматам да выконвання сакральных паслуг, то нават не гледзячы на тое, што самі молімся і выконваем свае абавязкі, нашы адносіны з Богам будуць халоднымі. Толькі служэнне бліжняму адкрывае нашы вочы на Божую любоў адносна нас», — сцвердзіў Мітрапаліт.

Іерарх перасцярог перад фармальным нясеннем святарскага служэння, бо гэта можа прывесці да трагедыі.

«Святы Айцец Францішак вельмі трапна кажа аб тым, што святары павінны ведаць «пах» сваіх вернікаў, каб ім верна служыць. А як будуць ведаць, калі бракуе часу і сэрца для іх?» — дадаў арцыпастыр.

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы святароў у Мінску

Мітрапаліт заахвоціў святароў падчас калядных наведванняў «спяшацца з дапамогай» да ўсіх сем’яў, быць як мага больш адкрытымі на іх і іх патрэбы. «Такая важная душпастырская практыка, як калядаванне, павінна падтрымлівацца і развівацца, бо толькі ў блізкім кантакце з людзьмі мы зможам лепш іх пазнаць, толькі тады мы будзем ведаць іх “пах”, праблемы і жыццёвую сітуацыю, і тады мы зможам дапамагчы ім ісці шляхам збаўлення, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Гэта і будзе знакам праяўлення любові да бліжняга, да якой заклікаюць сённяшнія чытанні. Знак любові па прыкладу Хрыста».

Снежаньская сустрэча святароў па традыцыі завяршылася дзяленнем аплаткай і віншаваннямі.


(DN), (VGr)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця