Пошук


У ноч з 17 на 18 снежня ў мінскай архікатэдры адбылося моладзевае чуванне. Юнакі і дзяўчаты з усёй архідыяцэзіі і не толькі з’ехаліся ў сталіцу, каб у час Адвэнту зрабіць невялікую ахвяру — адмовіўшыся ад сну, чуваць усю ноч на малітве, разважаючы таямніцу Божага Нараджэння.

Перад распачаццем святой Імшы ля святыні сустракалі скаўтаў Беларусі з Бэтлеемскім агнём. Праз хвіліну лапмада асвятляла шлях па цёмнай святыні іерархам, святарам, міністрантам і скаўтам, якія ў працэсіі накіраваліся да алтара.

Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Канцэлебравалі святую Імшу дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і шматлікія святары.

Арцыпастыр горача прывітаў моладзь, да якой іерарх штогод далучаецца ў ноч адвэнтавага чування.

«Падрыхтуйце дарогу Пану ў пустыні — гэтыя словы прарока Ісаі, якія паўтарыў св. Ян Хрысціцель, з’яўляюцца лейтматывам Адвэнту — часу падрыхоўкі да святаў Божага Нараджэння і да другога прышэсця Хрыста», — нагадаў іерарх, звяртаючыся да прысутных.

Арцыпастыр, указаўшы на актуальнасць закліку Ісаі, заахвоціў моладзь клапаціцца пра свой духоўны шлях: «Вельмі часта ён разбіты, ухабісты, няроўны, крывы, нябяспечны. Менавіта пра такі шлях нагадваюць прарок Ісая і св. Ян Хрысціцель. Праблема ў тым, што мы прывыкаем да старых, занядбаных духоўных дарог і не заўсёды хочам іх рамантаваць, не жадаем іх мяняць».

У наш час, каб сысці на жыццёвы шлях без Бога, не трэба нават выракацца Яго. «Дастаткова быць абыякавым да Яго патрабаванняў і кіравацца тэндэнцыямі секулярнага свету», — дадаў Мітрапаліт і спытаў: «Ці здольныя мы ў такіх абставінах падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану?»

«Дзякуючы сучасным сродкам масавай камунікацыі і асабліва інтэрнэту мы ведаем пра ўсё, што дзеецца ў свеце, але не маем ніякай ідэі, куды вядзе наш жыццёвы шлях, — адзначыў іерарх. — Як у такіх абставінах можна падрыхтваць дарогу прыходзячаму Пану? Ці здольныя мы шукаць прычыны, якія разбураюць нашае духоўнае жыццё?»

Як падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч, «у час крызісу веры Адвэнт нагадвае пра тое, што мы павінны паддацца кіраванню Духа Святога — пастыра, які пазірае на нашае жыццё і кіруе ім». «Ён — гэта тая рука, якая лечыць нашы раны. Ён — гэта тая любоў, якая дае надзею», — дадаў іерарх.

У працэсе навяртання, як сцвердзіў арцыпастыр, самае складанае — гэта прызнаць праўду пра самога сябе, прызнацца ў сваёй грэшнасці.

А таму, сапраўды, варта з верай услухацца ў словы адвэнтавых прапаведнікаў — Ісаі і Яна Хрысціцеля, якія «прамаўляюць да нас гэтак жа моцна, як чынілі гэта тысячагоддзі таму сярод натоўпаў, што збіраліся вакол іх».

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску

«Моладзь Беларусі! Памятай, што хрысціянства не сумяшчальнае з прыстасаваннем да папулізму і секулярнай культуры. Хрысціянства — гэта рэлігія змагання за Божую праўду і барацьба супраць зла ў нас саміх і ў свеце. Нам неабходна як мага часцей праз прызму Евангелля і вучэння Касцёла шукаць сябе саміх, заглядваць у дом нашага духоўнага жыцця з мэтай адшукаць сябе там як створаных на вобраз і падабенства Божае», — звярнуўся да прысутных іерарх і заклікаў быць вернымі хрысціянскаму пакліканню.

«Няхай праз вас і вашае хрысціянскае сведчанне, як праз акно, свежае духоўнае паветра ўвойдзе ў Беларусь і дасць усім нам новую надзею, якая ў Богу», — заключыў Мітрапаліт.

Да моладзі звярнуўся і Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. У сваёй прамове прадстаўнік Святога Айца адзначыў, што Бога цікавіць сэрца чалавека, «бо з сэрца паходзяць усялякія добрыя або злыя ўчынкі, менавіта ў ім нараджаюцца нашыя думкі, у ім прымаюцца самыя важныя рашэнні, таму Бог жадае зрабіць яго святыняю сваёй прысутнасці, месцам спаткання з намі».

Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску

Пасля Эўхарыстыі іерархі, прысутныя святары і моладзь дзяліліся адно з адным аплаткай і складалі віншаванні з надыходзячым святам Нараджэння Пана.

Чуванне працягнулася тэматычным дакладам, адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, ружанцовай малітвай і спевам. Адным з пунктаў сустрэчы стала інсцэніроўка, якую падрыхтавала моладзь парафіі Св. Міхала Арханёла з Івянца.

Завяршылася малітоўнае чуванне на світанні. Юнакі і дзяўчаты выходзілі са святыні са знічамі, запаленымі ад лампады з Бэтлеемскім агнём.


(DN), (VGr)
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.