27 лістапада, у чарговую гадавіну аб’яўлення Марыі і ўручэння цудадзейнага медальёна сястры Катрын Лябурэ з супольнасці сясцёр Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля, дзяўчаты з мінскай парафіі Божага Цела ўрачыста прынялі Медальён Беззаганнай Марыі. Праз гэты жэст яны выказвалі жаданне цалкам даверыць сябе святой Марыі.
Урачыстае прыняцце медальёна на ружовай стужцы і акт аддання сябе Марыі з’яўляецца крокам, праз які моладзь уступіла ў Асацыяцыю Вінцэнтыянскай Моладзі Марыі.
Першае аб’яўленне Марыі адбылося 18 ліпеня 1830 г. у парыжскім Генеральным доме Сясцёр Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля. Беззаганная Маці выбрала простую сястру семінарыстку (так у Сясцёр Міласэрнасці называецца перыяд навіцыяту), каб даверыць ёй незвычайную місію.
Наступнае аб’яўленне адбылося 27 лістапада таго ж года. Марыя паказала медальён, запэўніваючы, што кожны, хто будзе насіць яго на шыі з верай, атрымае ад Бога шмат ласкаў. Маці Божая растлумачыла с. Катрын, што людзі, на жаль, яшчэ вельмі мала давяраюць Богу і просяць у Яго дапамогі, таму гэты медалік павінен стаць мастом паміж чалавекам і Богам.
Беззаганная Марыя таксама выказала с. Катрын сваё жаданне, каб была створана «Асацыяцыя Дзяцей Марыі» (цяперашняя Вінцэнтыянская Моладзь Марыі). Рэалізаваць гэтае заданне с. Катрын дапамог яе спавяднік а. Жан-Мары Аладэль. Ён таксама паклапаціўся аб вырабе першых медалікаў. Маладая с. Катрын часта паўтарала, што трэба споўніць просьбу Беззаганнай, бо Яна абяцала ўдзяляць шмат ласкаў супольнасці «Дзеці Марыі».
Першая група «Дзяцей Марыі» ўзнікла ў Боне ў 1838 г., а ў 1845 г. з’явілася першая група ў Парыжы ў месцы аб’яўленняў. Айцец Аладэль чуваў над духоўнай фармацыяй маладых людзей.
У 1847 г. генеральны настаяцель Кангрэгацыі Місій а. Жан-Батыст Эцьен звярнуўся да Святога Айца Пія IX з просьбай аб зацвярджэнні Асацыяцыі Дзяцей Марыі. Праз нейкі час групы супольнасці пачалі з’яўляцца паўсюль у месцах, дзе працавалі сёстры міласэрнасці і айцы місіянеры св. Вінцэнта дэ Поля.
Знакам супольнасці стаў цудадзейны медалік і словы малітвы, якую дала сама Беззаганная:
«О, Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас,
хто ў Цябе паратунку шукае».
Мэта Асацыяцыі — працаваць з дзецьмі і моладдзю, дапамагаючы ім ісці шляхам веры і быць карыснымі для сваёй парафіяльнай супольнасці, вучыць заўважаць і распазнаваць аблічча Хрыста ў людзях убогіх, несці ім дапамогу і такім чынам набліжацца да Хрыста, Дзевы Марыі, адзін да аднаго і да ўбогіх.
Сёння Асацыяцыя Вінцэнтыянскай Моладзі Марыі налічвае больш за 150 тысяч членаў у 65 краінах свету.