Пошук

28.11.2016 13:01  

27 лістапада, у Першую нядзелю Адвэнту, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў кананічную візітацыю парафіі Святога Юзафа ў Рубяжэвічах.

Пробашч парафіі кс. Уладзімір Каспарэвіч і вернікі цёпла прывіталі арцыпастыра ў адноўленым касцёле, які цяпер упрыгожвае новы алтар.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп падзякаваў пробашчу і вернікам за рамонт святыні. «Касцёл аднаўляецца, і гэта вельмі добра. Разам з ім павінна аднаўляцца і рэлігійнае жыццё», — адзначыў іерарх і выказаў надзею, што адноўлены касцёл і новы алтар будуць спрыяць далейшаму духоўнаму росту вернікаў.

Мітрапаліт Кандрусевіч растлумачыў сабраным значэнне кананічнай візітацыі, найперш як пошуку шляхоў удасканалення душпастырскай працы.

У гаміліі іерарх засяродзіўся на значэнні Адвэнту ў жыцці хрысціяніна: «Адвэнт не толькі нагадвае пра першае прыйсце Сына Божага ў свет, якое адбылося больш за два тысячагоддзі таму ў Бэтлееме. Адвэнт рыхтуе нас і да другога прыйсця Хрыста. Гэта будзе прыйсце ў канцы часоў, калі Бог прыйдзе ў хвале, каб судзіць жывых і памерлых. Нарэшце, Адвэнт дапамагае нам падрыхтавацца да свята Божага Нараджэння».

Калі адбудзецца другое прыйсце Хрыста, невядома, аднак «спатканне з Хрыстом-суддзёй адбываецца незалежна ад даты канца свету — у хвіліну нашай смерці». «Таму мы павінны быць заўсёды падрыхтаванымі да гэтай сустрэчы. У гэтым заключаецца сэнс Адвэнту. Усё нашае жыццё — гэта Адвэнт, і мы павінны чуваць, бо Хрыстус можа прыйсці нечакана», — дадаў іерарх.

Святы Ян Хрысціцель, пасланы Богам падрыхтаваць дарогу Пану, таксама заклікае: чувайце і навяртайцеся. І гэты заклік, як падкрэсліў Мітрапаліт, будзе актуальным да канца часоў.

«Гістарычны Адвэнт завяршыўся дзве тысячы гадоў таму, калі Хрыстус прыйшоў у гэты свет, каб прынесці збаўленне чалавеку. Пасля спаўнення справы збаўлення Ён узышоў на неба і вярнуўся ў дом свайго Нябеснага Айца. Але Ён ізноў прыйдзе», — нагадаў арцыпастыр.

Іерарх падкрэсліў, што кожны чалавек грэшны і патрабуе навяртання, спрыяць якому і пакліканы адвэнтавыя набажэнствы, рэкалекцыі, раратнія Імшы. «Хрыстус прыйдзе, і мы Яго можам не заўважыць. І гэта будзе найвялікшай трагедыяй», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Падчас Імшы іерарх асвяціў новы алтар, які назваў «новым Бэтлеемам», бо на ім «у эўхарыстычных постацях прыходзіць Збаўца».

Іерарх нагадаў вернікам, што ў мінулыя часы падчас раратняй Імшы да алтара з запаленымі свечкамі падыходзілі прадстаўнікі розных прафесій, і, ставячы свечку на алтар, кожны сведчыў, што падрыхтаваны да Божага суду.

«Падчас Адвэнту мы павінны адказаць на фундаментальнае пытанне: ці гатовы мы да прыйсця Пана і спаткання з Ім?» — звярнуўся да прысутных Мітрапаліт Кандрусевіч.

Арцыбіскуп пажадаў вернікам рубяжэвіцкай парафіі так выкарыстаць час Адвэнту, каб належным чынам падрыхтавацца не толькі да святаў Божага Нараджэння, але перадусім да спаткання з прыходзячым Езусам.

Пасля Імшы арцыпастыр разам з парафіяльнай супольнасцю памаліўся на магіле шматгадовага пробашча ў Рубяжэвічах кс. Рычарда Юніка, які памёр 3 снежня 2014 года.

У межах кананічнай візітацыі Мітрапаліт Кандрусевіч сустрэўся з міністрантамі і вернікамі і адказаў на іх пытанні.

(DN), (VGr)
Фота с. Марцэліны Мігач ISSM

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця