Пошук

22.11.2016 00:00  


«Праслаўляйце Пана гімнамі і песнямі» (пар. 2 Мак 10, 38).

Дарагія харысты, спевакі, члены касцёльных аркестраў і музычных гуртоў!

Ва ўспамін вашай нябеснай апякункі св. Цэцыліі сэрдэчна віншую і выказваю найлепшыя пажаданні.

Святы Аўгусцін кажа, што той, хто спявае, моліцца двойчы. Музыка і спевы былі добра вядомы ўжо ў Старым Запавеце. Дастаткова толькі ўспомніць караля Давіда, які праслаўляў Бога спевам сваіх псальмаў.

Старазапаветная традыцыя спеву падчас літургічных набажэнстваў была перанята хрысціянствам і ўзбагачалася на працягу стагоддзяў. Яна стала іх неад’емнай часткай. Гэта падкрэсліў Другі Ватыканскі Сабор у Канстытуцыі пра святую Літургію, якая вучыць, што «музычная традыцыя ўсяго Касцёла як бясцэнны скарб узвышаецца над іншымі відамі мастацтва найперш дзякуючы таму, што сакральны спеў, злучаны са словамі, з’яўляецца неад’емнай часткай урачыстай Літургіі» (SC 112). Музыка і спеў, якія нясуць у сабе Добрую Навіну, уздымаюць дух чалавека, узвышаюць і прыводзяць у добры лад яго пачуцці.

За апошнія 25 гадоў свабоды веравызнання ў Беларусі касцёльная музыка і спевы ўнеслі свой бясцэнны ўклад у справу адраджэння і ўмацавання веры ў нашай краіне. Сёння нельга сабе ўявіць вялікіх набажэнстваў без удзелу многіх хароў і музычных гуртоў. За ўсё гэта выказваю сваю ўдзячнасць і запэўніваю ў малітве ў вашых інтэнцыях. Спадзяюся, што і далей, напоўненыя хрысціянскім духам, вы будзеце актыўна культываваць сакральную музыку і ўзбагачаць яе скарбніцу (пар. SC 121).

Няхай добры Бог праз заступніцтва св. Цэцыліі благаслаўляе вас і адорвае сваімі ласкамі і дарамі, патрэбнымі як для далейшага плённага служэння Касцёлу, так і ў вашым асабістым жыцці.

З малітвай і благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 22 лістапада 2016 г.,
успамін св. Цэцыліі

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця