20 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі сустрэўся з парафіянамі аграгарадкоў Вілейскага раёна Куранец і Любань.
Іерарх наведаў новапабудаваны касцёл у Куранцы, які быў асвячоны ў маі 2016 года, і сустрэўся з вернікамі мясцовай парафіі. Узгадваючы гісторыю Куранца, біскуп Юрый Касабуцкі выказаў радасць, што вера на гэтых землях захавалася, дзякуючы чаму тут адрадзілася рэлігійнае жыццё. Біскуп павіншаваў вернікаў з тым, што сёння яны маюць сваё месца малітвы і сустрэчы з Езусам Хрыстом, і пажадаў заўсёды жыць з Богам.
Іерарх наведаў таксама парафію Божай Міласэрнасці ў Любані. Вернікі з хлебам і соллю сустрэлі пастыра і падзякавалі за магчымасць супольнай малітвы ў апошні дзень Надзвычайнага Года Міласэрнасці.
Іерарх, спасылаючыся на літургічныя чытанні гэтага дня і разважаючы пра Божае Валадарства, нагадаў, што ў Нябесным доме для кожнага падрыхтавана месца.
Кацярына Дурко, (VGr)
Фота аўтара