Пошук

13.11.2016 00:00  

Завяршэнне Юбілейнага Года Міласэрнасці і закрыццё Брамы Міласэрнасці ў магілёўскай катэдры і юбілейнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылося ў Магілёве 13 лістапада.


Імшу падзякі ўзначаліў біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB. Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел не толькі шматлікія вернікі, а таксама і душпастыры з Магілёва; дэкан Магілёўскі і пробашч катэдральнай парафіі кс. Віталій Драздоўскі, віцэ-дэкан і пробашч парафіі Cв. Антонія а. Ежы Вежхоўскі CMF, пробашч парафіі Cв. Казіміра і св. Ядвігі а. Раман Шульц ОР, а таксама сёстры Місіянеркі Святой Сям’і.


Вельмі сімвалічным у гэты дзень стаў момант урачыстага ўнясення ў катэдру і ўсталявання пры бочным алтары Езуса Місасэрнага рэліквій крыві св. Яна Паўла ІІ. Як адзначыў біскуп Аляксандр «з сёняшняга дня апостал Божай Міласэрнасці св. Ян Павел ІІ будзе спадарожнічаць нам, вучыць быць міласэрнымі і падтрымліваць сваёй прысутнасцю на шляху здзяйснення прыказання любові да Бога і бліжняга».

Абвясціўшы пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча біскуп Яшэўскі дапоўніў яго, прыгадаўшы некаторыя важныя падзеі з жыцця магілёўскай часткі архідыяцэзіі ў гэтым Юбілейным Годзе.


Пасля святой Імшы, адспяваўшы ўрачысты гімн Te Deum, біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну ўручыў 10 ганаровых грамат ад імя ўсіх біскупаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі вернікам з парафій Магілёўшчыны (таксама і дадатковыя граматы ад свайго імя), якія паводле меркавання душпастыраў заслугоўваюць, каб у гэты Юбілейны Год з нагоды 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай Мітраполіі асабліва падзякаваць ім.


Перад тым, як удзяліць благаслаўленне, біскуп Аляксандр заклікаў «каб зачыніўшы дзверы як Браму Божай Міласэрнасці ў сваім сэрцы, душы і жыцці, ніколі не закрывацца на праяву міласэрнасці да другога чалавека, свайго бліжняга, каб, падмацаваныя гэтым Надзвычайным Юбілеем, мы сведчылі аб ёй кожны дзень і ў кожным асяроддзі».

Завяршылася ўрачыстасць у магілёўскай катэдры сімвалічным закрыццём Святых Дзвярэй як Брамы Божай Міласэрнасці, а таксама ўмураваннем і благаслаўленнем памяткага Юбілейнага знаку.

Ян Багдановіч
Фота Міхаіла Галімава


Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа