6 лістапада ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы адбылася прыміцыйная св. Імша новапрэзбітэра Паўла Трона. Ксёндз Павел Трон — гэта ўжо чацвёрты сын Вілейскай зямлі, які атрымаў святарскае пасвячэнне.
Перад св. Імшой бацькі ўдзялілі новапрэзбітэру бацькоўскае благаслаўленне. Затым дзяўчаты ў белых сукенках, па традыцыі атачыўшы маладога святара прыгожым вянком, павялі яго да алтара. У святыні новапрэзбітэра прывітаў пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла, які запрасіў яго да алтара роднага касцёла, каб на ім цэлебраваць першую ў сваім святарскім жыцці Эўхарыстыю.
Падчас прывітання пробашч парафіі адзначыў, што новапрэзбітэр з самага дзяцінства стаяў каля гэтага алтара — будучы міністрантам, пазней як семінарыст, дыякан, а сёння падыходзіць да яго як другі Хрыстус. Цэлебруючы сваю першую св. Імшу, кс. Павел дзякаваў Богу за дар жыцця і святарства і ўсе атрыманыя ласкі.
Гамілію прамовіў рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка, у якой разважаў аб пакліканні да святарства і аб пакліканні ўсіх да веры і хрысціянства. Святар адзначыў, як важна не баяцца сваёй чалавечай слабасці, але давяраць Божай моцы і мужна адказваць на Божы заклік. Рэктар семінарыі таксама падкрэсліў неабходнасць і важнасць малітвы аб пакліканні і за святароў, прывёўшы гісторыі шматлікіх людзей, якія ахвяроўваюць сваю штодзённую малітву, пасты і цярпенні ў інтэнцыі святароў і такім чынам падтрымліваюць іх святарства.
Напрыканцы св. Імшы парафіяне павіншавалі кс. Паўла з атрыманнем вялікага дару —святарства — і пажадалі быць святым святаром.
Новапрэзбітэр у першую чаргу падзякаваў Богу, а таксама звярнуўся са словамі падзякі да сваіх бацькоў, пробашча, рэктара семінарыі ў Пінску, усіх братоў у святарстве і ўсіх прысутных.
Пасля Эўхарыстыі кс. Павел удзяліў прыміцыйнае благаслаўленне сваім бацькам, святарам і ўсім прысутным.
Кацярына Дурко, (VGr)
Фота Аксаны Бажко