Пошук

06.11.2016 00:00  

5 лістапада малітоўныя рухі і супольнасці Магілёўскага рэгіёну адсвяткавалі Юбілейны Год Божай Міласэрнасці. Сустрэча, якую падрыхтаваў і правёў айцец Раман Шульц ОР, была прысвечана тэме «Супольнасць — месца праявы Міласэрнага Бога».

Сустрэча пачалася праходам праз Брамы Божай Міласэрнасці ў юбілейнай святыні, магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, са спевам «Што абяцаў я ў час хрышчэння».

Удзельнікі супольна памаліліся Літургію Гадзінаў і выслухалі даклад айца Рамана Шульца.

Галоўнай думкай даклада быў пошук еднасці паміж членамі рухаў і супольнасцяў на ўзор Руху факаляраў, дзе трэба выдаліць усё, што раздзяляе членаў, каб аб’явілася прысутнасць Хрыста. Быў прыведзены прыклад урача-стаматолага, які адкрыў неабходнасць адносіцца да сваіх пацыентаў, як да самога Хрыста, што прывяло яго да разумення, што гэтага яшчэ не дастаткова, што ён і яго супрацоўнікі, медсястра і тэхнік, павінны ствараць на месцы працы супольнасць, імя якой Касцёл. Гэты падыход да выканання служэння — выконваць прафесійную дзейнасць у еднасці — дазволіў пацыентам адчуць адметнасць гэтага месца, а некаторых з іх, як жанчыну, якая была «сведкай Іеговы», прывесці да вяртання ў супольнасць Касцёла.

Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам у цішыні прысутныя адаравалі Езуса, дзякавалі Яму за дар адраджэння веры на Магілёўшчыне і прасілі аб дары еднасці паміж усімі членамі Каталіцкага Касцёла ў гэтым рэгіёне і аб адзінстве ўсіх хрысціянаў і веравызнанняў.

Юбілейную святую Імшу ўзначаліў біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які рупліва клапаціўся пра тое, каб Год Божай Міласэрнасці быў глыбока перажыты у Магілёўскай частцы архідыяцэзіі.

Вітаючы прысутных, іерарх сказаў: «Без існавання і дзейнасці розных малітоўных рухаў і супольнасцяў наш Касцёл быў бы чорна-белага колеру. Ваша прысутнасць, малітва і служэнне дадаюць яму розных колераў і чыняць яго прыгожым, жывым і прывабным». «Молімся, каб Бог благаславіў вашае служэнне і дзейнасць ужо цяпер, а працяг у маладым пакаленні знайшоў дастойных нашчадкаў харызматычнай сутнасці кожнага малітоўнага руху і супольнасці», — дадаў біскуп.

У гаміліі іерарх у працяг тэмы канферэнцыі заклікаў да адзінства ў дзеянні і сведчанні. «Бог чакае ад кожнага малітоўнага руху і супольнасці, што яе члены будуць жыць у еднасці, што заўсёды будуць разам змагацца за духоўныя каштоўнасці, што аднадушна будуць вызнаваць сваю веру ў Бога і сумесна адстойваць прынцыпы Евангелля. Гэтае адзінства дасць нам мужнасць супраць праціўнікаў, стойкасць у цярпеннях і ўпэўненасць у Божым збаўленні», — адзначыў біскуп. «Каб стаць з’яднанымі ў нашым служэнні, мы ўсе павінны звярнуць увагу і прыкласці намаганні, каб у першую чаргу ў нашым штодзённым жыцці выканаць умовы, якія дазваляюць ствараць еднасць, а менавіта весці жыццё, годнае Евангелля Хрыстовага. Гэтага сабе, духавенству Магілёўшчыны і ўсім вам, членам малітоўных рухаў і супольнасцяў нашага Касцёла, ад шчырага сэрца жадаю і на шлях жыцця паводле Евангелля благаслаўляю», — гэтымі словамі іерарх завяршыў гамілію.

Перад удзяленнем благаслаўлення біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну нагадаў, што святкаванне Юбілею для малітоўных рухаў і супольнасцяў Магілёўшчыны было апошнім мерапрыемствам у гэтым рэгіёне. 13 лістапада а 11-й гадзіне магілёўскія вернікі збяруцца ў катэдры Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, — каб, як адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі, «падзякаваць Богу за плёны Юбілею і прасіць, каб, зачыніўшы дзверы як Брамы Божай Міласэрнасці ў сваім сэрцы, душы і жыцці, ніколі не закрывацца на праяву міласэрнасці да іншага чалавека, свайго бліжняга».


Ян Багдановіч

(AG)

Фота с. Наталлі Танковіч

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця