Пошук

05.11.2016 00:00   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

5 лістапада ў мінскім архікатэдральным касцёле былі ўдзелены прэзбітэрскае і дыяканскае пасвячэнні. Прэзбітэрам стаў дыякан Павел Трон, дыяканам — выпускнік семінарыі Аляксей Пілевіч.

Пасвячэнні ўдзяліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Новапрэзбітэр Павел Трон нарадзіўся 15 снежня 1989 года ў Вілейцы. У 2006 годзе скончыў дзевяць класаў Вілейскай сярэдняй школы № 1, а ў 2009 годзе — Вілейскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж. Вучыўся ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, якую скончыў у 2016 годзе. 25 кастрычніка 2015 г. з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага атрымаў дыяканскае пасвячэнне.


Дыякан Аляксей Пілевіч нарадзіўся 14 мая 1982 года ў Лідзе. Паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў Гродне паступіў у Плоцкую духоўную семінарыю (Польшча), якую скончыў у 2015 годзе. Душпастырскую практыку перад пасвячэннем праходзіў у катэдральнай парафіі ў Мінску. Дыякан Аляксей будзе належыць да духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кажучы пра дыяканат, нагадаў, што ён з’яўляецца першай ступенню сакрамэнту пасвячэння. «Дыякан пасвячаецца не для святарства, а для служэння. Дыяканы пакліканы не для таго, каб выконваць святарскія функцыі, а для таго, каб дапамагаць святарам у іх служэнні, — адзначыў іерарх. — Заданні дыякана вельмі важныя ў ажыццяўленні збаўчай місіі Касцёла. Ён пакліканы для служэння Касцёлу ў паслузе літургіі, слова, і любові».


«Езус вучыць, што бедных будзем мець заўсёды; бедных матэрыяльна і духоўна. Ад нас залежыць, ці будуць яны адчуваць сябе людзьмі і ці знойдуць у сабе сілы кінуцца ў абдымкі міласэрнага Бога. Гэта заданне адносіцца да кожнага хрысціяніна, але асабліва да дыякана, — сказаў арцыпастыр і, звяртаючыся да Аляксея Пілевіча, заклікаў яго: — Памятай, што ад твайго служэння ля алтара, абвяшчэння Божага слова і іншай паслугі, уключаючы справы міласэрнасці, будзе залежаць лёс многіх людзей».

Кажучы пра служэнне святара, Мітрапаліт звярнуў увагу: «Само слова “святар” нагадвае аб святасці. Таму яго заданне — весці людзей да святасці. Іншае значэнне гэтага слова – pontifex – мост, які вядзе да Бога.


Святар па прыкладу Езуса пакліканы быць пасрэднікам паміж людзьмі і Богам, перадаваць Яму іх просьбы, падзякі і перапрашэнні. Ён ад імя Езуса і Ягонай моцаю абвяшчае Божае слова, каб у сэрцах людзей нараджалася і ўмацоўвалася вера, а таксама цэлебруе сакрамэнты, дзякуючы якім патрэбная для збаўлення Божая ласка дасягае чалавека».


«Наша радасць сёння вялікая. Мы дзякуем Богу за новых святара і дыякана. Але ў гэтую радасць урываюцца ноткі трывогі за будучыню, бо колькасць семінарыстаў не павялічваецца, а памяншаецца. Гэта азначае, што калі сітуацыя не зменіцца, то будзе ўсё менш урачыстасцяў, падобных да сённяшняй, і паступова ўзнікне вялікае пытанне пра будучае развіццё Касцёла. Атрыманую свабоду веравызнання мы не зможам выкарыстаць ва ўсёй паўнаце», — з жалем сказаў Мітрапаліт і дадаў, што таму гэтая ўрачыстасць пасвячэння новых дыякана і прэзбітэра «павінна таксама ўспрымацца як акцыя паклікання да святарства».

«Малады чалавек, які з’яўляешся ўдзельнікам гэтага набажэнства нараджэння новых дыякана і святара, услухайся ўважліва ў голас Пана. Можа, Ён і цябе кліча да святарства. Услухайся і адкажы, бо тады сапраўды сам будзеш шчаслівым і дапаможаш іншым стаць шчаслівымі», — з такімі словамі іерарх звярнуўся да кожнага з маладых людзей, прысутных на гэтай святой Імшы.


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў новапрэзбітэра Паўла і дыякана Аляксея «дзякаваць за дар выключнага паклікання да святарства і заўсёды заставацца вернымі яму», прыняць яго як ласку Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці. «Заставайцеся ў цеснай еднасці з Хрыстом – крыніцай паклікання і паспяховага выканання святарскай місіі. А Марыя, Маці святароў, няхай вам дапамагае, каб вы заўсёды разам з Ёй згаджаліся з Божай воляй, у якой крыецца таямніца плённага служэння Богу, Касцёлу і людзям», — дадаў арцыпастыр.

(AG)
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.