З 8 лістапада па 2 снежня 2016 года пройдзе грамадскае абмеркаванне аб’екта Сельгаспасёлка ў Мінску (Зялёны луг), якое правядзе адміністрацыя Савецкага раёна.
У зону дадзенага аб'екта ўваходзіць парк Катоўка (недалёка ад
скрыжавання вуліц Максіма Багдановіча і Ізмайлаўскай), на тэрыторыі
якога плануецца будаўніцтва каталіцкай святыні.
У межах абмеркавання 10 лістапада адбудзецца прэзентацыя «Градабудаўнічага праекта дэтальнага планавання тэрыторыі ў межах вул. Някрасава — вул. Собінава — вул. Алешава — вул. Усходняя — вул. Камароўскае кальцо (унясенне зменаў)». Прэзентацыя распачнецца ў 18.30 у памяшканні сярэдняй школы № 53 г. Мінска (вул. Л. Бяды, 9), дзе можна будзе пакінуць свае заўвагі і прапановы ў спецыяльным журнале.
Надзел, выдзелены парафіі, складае 10 працэнтаў ад плошчы парка. Сам будынак касцёла будзе займаць прыблізна 1,5 працэнта ад агульнай плошчы.
Узвядзенне святыні на тэрыторыі парка падтрымліваюць не ўсе жыхары раёна, тлумачачы гэта тым, што будзе выкапана пэўная колькасць дрэў, а сам парк з’яўляецца адзінай зялёнай зонай у дадзеным і бліжэйшых кварталах.
«Тэрыторыя касцёла будзе адкрыта для ўсіх жадаючых. Будзе месца і для дзіцячай пляцоўкі, і для зоны адпачынку. Дзякуючы будаўніцтву касцёла парк не толькі захаваецца, але і стане адным з самых прыхожых і ўтульных месцаў горада Мінска», — адзначаецца ў аб’яве, з якой да мінчанаў звяртаюцца душпастыры і вернікі парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэно (Зялёны луг) і заклікаюць выказацца «за» будаўніцтва святыні.
Свае водгукі адносна будаўніцтва касцёла можна даслаць на паштовую скрыню або e-mail адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска, зрабіўшы адзнаку «грамадскае абмеркаванне», а таксама ўказаўшы сваё імя, прозвішча і адрас пражывання.
Паштовая скрыня:
вул. Дарашэвіча, 8
Мінск 220013
Email: sovadm@minsk.gov.by
Таксама па тэме:
Будаўніцтва новага касцёла ў мінскай парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно: пытанні, цяжкасці, перспектывы