Пошук

01.11.2016 00:00  

30 кастрычніка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў з пастырскай візітацыяй парафію Св. Юзафа ў Маладзечне.

Візітацыя пачалася раніцай з урачыстага ўваходу арцыбіскупа ў касцёл, на сходах якога іерарха прывітаў пробашч кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. У касцёле Мітрапаліта прывіталі вернікі. Арцыпастыр распавёў парафіянам аб мэтах візітацыі, якая служыць найперш пошуку шляхоў удасканалення душпастырства.

Потым арцыбіскуп прагледзеў парафіяльныя кнігі, якія ў парафіі знаходзяцца ў добрым стане. Пасля адбылася сустрэча з парафіяльнай радай. Мітрапаліт падзякаваў членам рады і пробашчу за рамонт касцёла, асабліва вежаў і катэхетычных класаў. Арцыпастыр і парафіяльная рада абмеркавалі пытанне будаўніцтва плябаніі каля касцёла, для чаго найперш неабходна атрымаць адпаведныя дакументы, чым і павінна заняцца парафіяльная рада. Былі абмеркаваны таксама пытанні тэрытарыяльнага падзелу г. Маладзечна на парафіі Св. Юзафа і Св. Казіміра і некаторыя іншыя пытанні дзейнасці парафіі.

Потым Мітрапаліт сустрэўся з членамі Легіёна Марыі, які выконвае ў парафіі вельмі важнае служэнне: наведвае хворых, дапамагае бедным, дапамагае ва ўпарадкаванні касцёла і навакольнай тэрыторыі, праводзіць супольныя малітвы ў касцёле і г.д.

Затым адбылася сустрэча іерарха з міністрантамі. Былі абмеркаваны пытанні ўдасканаленне пастырства міністрантаў.

Пасля Мітрапаліт сустрэўся з дзецьмі, якія прымаюць удзел у катэхізацыі. Сустрэча насіла вельмі дынамічны і жывы характар. Дзеці задавалі шмат пытанняў арцыбіскупу, які на іх адказваў.

У 13 гадзін адбылася галоўная святая Імша з удзелам вялікай колькасці вернікаў. Падчас яе ў касцёл былі ўнесены рэліквіі крыві св. Яна Паўла ІІ. Гэтай важнай для вернікаў горада падзеі папярэднічала крапатлівая праца ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага. Пасля атрымання згоды з Кракава ад кардынала Станіслава Дзівіша ў касцёле пачалася падрыхтоўка да ўрачыстасці. Для пачэснага захавання рэліквій была адведзена і прыгожа аздоблена касцёльная нефа, падчас набажэнстваў святары апавядалі пра жыццёвы і душпастырскі шлях святога. Усе парафіяльныя супольнасці скіроўвалі свае малітвы і інтэнцыі да Бога праз заступніцтва святога Яна Паўла II. Прадстаўнікі касцёльнага камітэту на чале з пробашчам рыхтавалі праграму ўрачыстасці.

Таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў новазбудаваны алтар св. Яна Паўла ІІ.

У гаміліі, разважаючы над гісторыяй навяртання мытніка Закхея, аб чым апавядаецца ў чытанні Евангелля на гэты дзень, іерарх адзначыў: «Нe адзін з нас кажа: Пане Божа, я грэшнік. Гэтага яшчэ мала, неабходна сказаць: вось я стаю перад Табой і дазваляю Табе ўвайсці ў мой дом. Гэтага чакае ад нас Езус. Калі так будзем рабіць, то паўторыцца евангельская гісторыя навяртання Закхея і Езус прыйдзе да нас, каб нас перамяніць».

«Падчас кожнай святой Імшы Езус хоча быць з намі за адным эўхарыстычным сталом, каб карміць нас сваім Целам. Няхай нашым адказам на Яго пажаданне будуць словы, якія мы кажам падчас кожнай Імшы перад святой Камуніяй: “Пане, я не варты, каб Ты прыйшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена мая душа”.

Такім чынам сённяшняе Евангелле заклікае нас прыняць Божы заклік да пакуты і навяртання, бо ўсе мы, больш ці менш, падобныя да Закхея. Езус любіць нас усіх і кожнага паасобку, нягледзячы на нашу нявернасць Божаму закону, занядбанне малітвы, слабую веру, ганарлівасць, хцівасць, імкненне да багацця і поспеху любым коштам і г.д.», — дадаў арцыпастыр.

«Евангелле распавядае, што натоўп людзей наракаў з-за таго, што Езус пайшоў у дом грэшніка Закхея пагасціць. І ў наш час нярэдка нават ад вельмі пабожных асобаў можна пачуць негатыўныя меркаванні, чаму святар прымае ўсім вядомага грэшніка і г.д. У такіх выпадках нам, грэшнікам, неабходна заняць паставу Закхея, якая вядзе да прыняцця Хрыста.

Можа здарыцца, што часам мы разам з Закхеем знаходзімся на дрэве, а часам сярод натоўпу, які следуе за Хрыстом. Але трэба памятаць, што Езус заўсёды з намі, Ён заклікае нас выйсці з вязніцы граху і злучыцца з Ім», — звярнуў увагу арцыбіскуп.

Пасля Імшы вернікі павіншавалі Мітрапаліта з імянінамі, якія іерарх адзначаў нядаўна. Таксама яны павіншавалі пробашча кс. прэлата Эдмунда Даўгіловіча з імянінамі, якія святар адзначаў у гэты дзень.

(DN), (AG)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа