13 кастрычніка святары і кансэкраваныя асобы Мінскай вобласці сабраліся
на чарговай пастырскай сустрэчы. Па традыцыі ў гэты дзень іх чакала
супольная малітва, душпастырскія аб’явы і сустрэча з арцыпастырам.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, абвясціў прысутным дэвіз 2017 пастырскага года: «Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання».
2014–2016 гады Паўсюдны Касцёл прысвяціў падрыхтоўцы да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. Касцёл у Беларусі, лёс якога непасрэдна звязаны з імі, таксама прымае актыўны ўдзел у гэтай падрыхтоўцы, пра што сведчыць пастырская праграма апошніх трох гадоў: 2014 год быў прысвечаны малітве, 2015 — пакаянню, 2016 — надзеі ў міласэрнасці.
Іерарх нагадаў святарам пра важнасць правядзення Навэнны да Маці Божай Фацімскай і заахвочвання вернікаў да ўдзелу ў ёй у першыя суботы месяца.
У ходзе сустрэчы было абвешчана, што генеральным кусташам перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай, якая 13 кастрычніка прыбывае ў Мінск, з’яўляецца пробашч мінскай архікатэдры кс. Антоні Клімантовіч, кусташамі ў дэканатах — дэканы.
Арцыпастыр нагадаў, што на заканчэнне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці 13 лістапада ва ўсіх катэдрах і юбілейных святынях адбудзецца закрыццё Святых Дзвярэй.
Падчас сустрэчы была прадстаўлена Літургічная кніга «Ordo Paenitentiae» («Парадак пакаяння»), перакладзеная Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ.
Прысутным таксама быў прадстаўлены каментарый да «Motu proprio» Папы Францішка «De Concordia inter Codices» аб узгадненні Кананічнага права лацінскага і ўсходняга абрадаў. Падрыхтаваў каментарый канцлер архідыяцэзіяльнай курыі кс. Дзмітрый Пухальскі.
Айцец марыянін Павел Федаровіч MIC выступіў з дакладам пра духоўнасць заснавальніка супольнасці, кананізацыя якога адбылася летам 2016 года.
Наступная сустрэча святароў адбудзецца 10 лістапада ў мінскім Чырвоным касцёле ў 11.00. Манахіні ў гэты ж дзень збяруцца ў магілёўскай катэдры ў 10.00.
(VGr)