7 кастрычніка дзеці з парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыі Кольбэ далучыліся да 14-й Сусветнай Дзіцячай Эўхарыстычнай Святой Гадзіны, каб прасіць Бога аб міры ў сем'ях і ва ўсім свеце.
Сусветная Дзіцячая Эўхарыстычная Святая Гадзіна малітоўна яднае дзяцей ва ўсім свеце, таму ў гэты дзень малітва аб міры гучала на ўсіх кантынентах. На пачатку набажэнства была запалена свечка на знак адзінства з тымі, хто таксама далучыўся да малітвы. Перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам дзеці маліліся на ружанцы, ахвяруючы кожную таямніцу за пэўную частку свету. Асаблівым чынам яны перапрашалі за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі людзі абражаюць Езуса, і прасілі аб навяртанні грэшнікаў.
Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту цэлебравалася святая Імша. У гаміліі кс. Уладзімір Марушэўскі TChr, вікарый парафіі, заахвоціў дзяцей палюбіць ружанцовую малітву: «Падобна таму, як дзіця шмат разоў на дзень звяртаецца з рознымі пытаннямі да сваей матулі, так і падчас Ружанца з даверам трэба прасіць дапамогі ў Панны Марыі. Таму мы ніколі не павінны саромецца Ружанца і як мага часцей размаўляць з нашай Нябеснай Матуляй праз гэтую малітву».
У гэты дзень дзеці парафіі таксама даручылі сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі, якая і сёння, як і амаль 100 гадоў таму ў Фаціме, заклікае кожнага: «Маліцеся аб навяртанні свету, каб скончыліся войны. Маліцеся аб міры і справядлівасці...»
Марына Пашкевіч, (VGr)
Фота Вольгі Пашкевіч