Пошук

02.10.2016 22:23  

2 кастрычніка ў Ракаве адзначалася 110-годдзе асвячэння касцёла Маці Божай Ружанцовай (св. Дамініка). Парафію наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі мясцовым вернікам.

Раніцай у той жа дзень Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і пробашч парафіі кс. Дзмітрый Барыла завіталі ў вёску Траскоўшчына, што знаходзіцца на ўсходнім рубяжы ракаўскай парафіі, каб асвяціць крыж, усталяваны па ініцыятыве і на сродкі мясцовых жыхароў.

Пасля, падчас святой Імшы ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка), арцыпастыр памаліўся разам з парафіянамі за ўсіх, хто ствараў ракаўскую святыню, і тых, хто сёння жывіць яе сваёй верай.

У святочнай Імшы прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік з супрацоўнікамі пасольства і дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Матэуш Адамскі, якія завіталі на свята разам з сем’ямі.

У гаміліі Мітрапаліт падкрэсліў, што гісторыя касцёла ў Ракаве знітавана з гісторыяй нашай краіны, у якой былі як змрочныя гады пераследу вернікаў, так і шчаслівыя часы адраджэння веры.



«Прыгожы ракаўскі касцёл моцна ўросся ў ландшафт нашай гісторыі як жывы помнік веры нашай зямлі. Гэта не музей, а месца, дзе жыве Бог і дзе чалавек духоўна адраджаецца. У касцёле Пан прыходзіць да чалавека ў заўсёды жывым і дзейсным Божым слове, у сакрамэнтах і ў іншай касцёльнай дзейнасці. Прыходзіць, бо хвалой Бога з’яўляецца жывы чалавек, жывы найперш духоўна», — сказаў іерарх.

«110 гадоў таму нашы продкі ўваходзілі ў гэты касцёл са словамі псальма: “З радасцю ўвойдзем у дом Пана”. Няхай гэтыя словы будуць дэвізам нашага жыцця ўжо ў XXI стагоддзі. З радасцю паспяшаемся сюды, бо тут нас чакае Езус — адзіны Збаўца свету», — дадаў арцыпастыр.



Тых, хто атрымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, Мітрапаліт заклікаў быць вартымі імя Езуса Хрыста, бо вежы касцёла, бачныя здалёк, закладзены найперш на камянях веры. «Такой жа высокай, як гэтыя вежы, мусіць быць і ваша вера», — адзначыў на развітанне Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Таццяна Сівец, (AG)
фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа