З 18 па 25 верасня ў парафіі Святога Францішка ў Салігорску ўпершыню адбыліся святыя місіі. Іх праводзілі айцы рэдэмптарысты Андрэй Ядкоўскі CSsR і Валерый Мазюк CSsR.
Падчас місій аднаўляецца вера парафіі, вернікі маюць магчымасць яшчэ больш навярнуцца да Бога.
На час місій пробашч парафіі перадаў місіянерам уладу ў касцёле, уручыўшы ім святарскую стулу і ключ ад святыні. Лейтматывам да набажэнстваў кожнага з гэтых дзён былі словы спеву:
Не зачыняйце сэрц,
Збаўлення час прыйшоў,
Бо Езус кліча нас,
Можа, у апошні раз!
Кожная святая Імша суправаджалася місійным казаннем, у якім гучалі разважанні аб тым, што Бог ёсць Любоў, што збаўленне ў Езусе Хрысце, што шлях навяртання вядзе да збаўлення і толькі ад кожнага асабіста залежыць, ці захоча ён пачуць голас Пана.
Хвалюючыя перажыванні і нават слёзы на вачах у многіх вернікаў выклікала пакутнае набажэнства ў ауторак 20 верасня, калі пробашч парафіі клаўся крыжам перад алтаром і перапрашаў Бога не толькі за свае правіны, але за грахі ўсёй парафіі, а потым даў прыклад прабачэння і перапрашэння, падышоўшы да кожнага прысутнага верніка і падаўшы яму руку.
Серада 21 верасня сталася днём споведзі, калі, стоячы на каленях ля канфесіянала, кожны з парафіян мог перапрасіць Бога, каб з чыстым сэрцам прыняць Найсвяцейшы Сакрамэнт. Заканчэннем стаў Крыжовы шлях з магчымасцю для кожнага прысутнага прыняць крыж свайго жыцця праз трыманне сімвалічнага крыжа.
У чацвер 22 верасня адбылася адарацыя Крыжа. У пятніцу, дзень, прысвечаны сям'і, падчас Імшы адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў і асабістае благаслаўленне кожнай сям'і. Падчас святой гадзіны многія з вернікаў адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт і маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, просячы Божай ласкі для сябе, сваіх родных і ўсяго Салігорска.
У суботу падчас Імшы адбылося прысвячэнне парафіі Маці Божай і ўдзяленне сакрамэнту намашчэння пажылым і хворым.
На працягу васьмі дзён праводзіліся заняткі для дзяцей, бацькоў і моладзі. Падчас місій вернікі парафіі вельмі палюбілі Марыйны Заклік — вечаровае набажэнства са свечкамі ў гонар Маці Божай.
Нядзеля 25 верасня была апошнім днём парафіяльных місій. У гэты дзень Імша пачалася на вуліцы каля крыжа. Вернікі трымалі ў руках свае маленькія крыжы, а да касцёльнага крыжа пробашч парафіі прымацаваў памятную таблічку святых місій. Літургія працягнулася ў святыні.
Падчас яе а. Валерый Мазюк заклікаў вернікаў абвяшчаць Божае слова сваім родным, суседзям, жыць паводле Божых загадаў і не саромецца сваёй веры.
Напрыканцы набажэнства вернікі атрымалі благаслаўленне місійнымі крыжамі, а таксама поўны адпуст, умовай атрымання якога быў удзел у святой Імшы, споведзь і малітва ў інтэнцыі Папы Францішка. Затым айцы рэдэмптарысты ўручылі пробашчу стулу і ключ ад касцёла, тым самым зноў перадаючы яму ўладу ў парафіі.
Выходзячы з касцёла, парафіяне на развітанне з удзячнасцю адаравалі місійны крыж.
(AG)