Пошук

22.09.2016 19:54   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

«Касцёл хоча дапамагаць студэнтам, каб у іх было дастаткова не толькі фізічнай і інтэлектуальнай энергіі, але і духоўнай», — звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч да студэнтаў і выкладчыкаў, сабраных на літургіі ў мінскай архікатэдры 22 верасня з нагоды распачацця новага навучальнага года.

Арцыпастыр нагадаў, што Касцёл заўсёды засноўваў і падтрымліваў універсітэты, што адбываецца і да сёння. Найстарэйшым з існуючых каталіцкіх універсітэтаў з'яўляецца Балонскі, заснаваны яшчэ ў 1088 г. «Менавіта таму працэс уніфікацыі навучальных універсітэцкіх праграм, які адбываецца ў свеце ў наш час, называецца балонскім. Сэнс гэтага працэсу ў тым, што ўніверсітэты, якія далучаюцца да яго, маюць аднолькавую праграму навучання. Гэта дае магчымасць, напрыклад, пераходзіць з аднаго ўніверсітэта ў іншы і ў іншай краіне. Гэта таксама гарантуе прызнанне дыплома ў краінах з балонскай сістэмай навучання», — патлумачыў іерарх і дадаў, што Ватыкан прымае актыўны ўдзел у працах па далучэнні нашай краіны да балонскага працэсу.

Студэнцкія гады, на думку Мітрапаліта, — гэта не толькі час здабывання і паглыблення ведаў, але і магчымасць быць «евангельскай закваскай» у студэнцкім асяроддзі. «Праз ваша хрысціянскае сведчанне вашы сябры могуць спазнаць праўду Евангелля і будаваць на ёй сваю будучыню», — звярнуўся да прысутных студэнтаў арцыпастыр.

Між іншым, іерарх падкрэсліў, што духоўнае развіццё праз наведванне малітоўных сустрэч пры касцёлах «дапаможа студэнту ўзгадніць навуку і веру, дапаможа ўбачыць, што паміж імі няма супярэчнасцяў, што адно дапаўняе іншае».

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы для студэнтаў на пачатак новага навучальнага года

Падчас літургіі арцыпастыр благаславіў прысутных студэнтаў і выкладчыкаў.

(DN), (VGr)
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця