17 верасня, у свята стыгматаў св. Францішка Асізскага, у парафіі Св. Антонія ў Слуцку адбылася пастырская візітацыя. Парафію наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які пазнаёміўся з яе жыццём і ўмацаваў вернікаў супольнай малітвай і добрым словам.
У гаміліі біскуп заахвоціў вернікаў клапаціцца пра глебу свайго сэрца, адзначыўшы, што зерне можа прарасці і прынесці багаты плён толькі на добрай глебе. Зямлёй жа, на якой дваццаць чатыры гады існуе парафія, з’яўляецца Случчына, дзе сёння бачны багаты плён працы рук святара і манахінь: касцёл, два кляштары, а самае галоўнае — парафіяне: дарослыя, моладзь і дзеці, якія напаўняюць святыню і ствараюць адну Божую сям’ю.
Сустрэча з іерархам спрыяла таму, каб сэрцы вернікаў напоўніліся радасцю і супакоем. Парафіяне ўдзячныя Богу за дар сустрэчы з біскупам Юрыем Касабуцкім.
С. Яна Аляксеева CSSH
(AG)
Фота Святланы Лабковіч