Пошук

18.09.2016 20:03  

18 верасня, у XXV Звычайную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу, што чытанні XXV Звычайнай нядзелі кажуць пра «вернае і разумнае распараджэнне Божымі дарамі», заклікаюць «выкарыстоўваць дадзеныя нам Богам таленты і Яго благаслаўленне разумна, каб такім чынам дасягнуць радасці вечнага жыцця».

Па словах Мітрапаліта, з тэкстаў Святога Пісання на гэты дзень вынікаюць наступныя жыццёвыя пасланні. Першае з іх — «быць вернымі ў малых справах». «Святы Ян Хрызастом любіў казаць, што вернасць у малых справах з’яўляецца вялікай справай. А кананізаваная тыдзень таму св. Тэрэза Калькуцкая заклікала чыніць малыя справы з вялікай любоўю», — дадаў арцыпастыр.

Другое пасланне, як адзначыў іерарх, у неабходнасці «мудра выкарыстоўваць нашы духоўныя рэсурсы». «Распарадчык з сённяшняга Евангелля паступіў вельмі мудра, хаця і несправядліва, з мэтай забяспечыць сабе спакойную будучыню. Падобна і мы павінны мудра паступаць у духоўных справах, належным чынам выкарыстоўваючы дар святой Імшы, сакрамэнтаў, Святога Пісання, вучэння Касцёла, учынкаў міласэрнасці», — патлумачыў Мітрапаліт.

Трэцяе пасланне, па словах арцыбіскупа, у тым, што «нам, як распарадчыкам Божых дароў, неабходна быць падрыхтаванымі даць справаздачу з нашай дзейнасці». «Мы страхуем наш дом, памяшканне, машыну, жыццё ад няшчасных выпадкаў і г.д. Але ці страхуем мы наша духоўнае жыццё, бо прыйдзе час спаткацца з Богам-суддзёй, калі трэба будзе даць справаздачу з нашага жыцця і калі Бог спытаецца, як мы выкарыстоўвалі Яго дары і ласку?» — над гэтым іерарх прапанаваў задумацца вернікам.

«Святы Айцец Францішак кажа, што хрысціяне павінны быць людзьмі паслязаўтрашняга дня, — падкрэсліў арцыпастыр. — Лёгка быць людзьмі ўчарашняга дня, бо, можа, нам і шкада чагосьці, але ўжо нічога не зменім. Учарашні дзень – гэта ўжо гісторыя. Нялёгка часамі перажыць сённяшні дзень з яго цяжкасцямі, але мы бачым, якім ён ёсць. Мы ведаем таксама і заўтрашні дзень, бо нас чакае канец нашага зямнога жыцця. Але што будзе паслязаўтра, калі наступіць спатканне з Богам, калі трэба будзе здаць справаздачу з нашага “мэнэджэрства”?»

Мітрапаліт пажадаў удзельнікам Імшы, каб гэтае Божае слова дапамагло ім «быць сапраўднымі “мэнэджэрамі” Божых дароў і Яго ласкі», а таксама было «арыенцірам на жыццёвым шляху ў вечнасць».

(AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа