15 верасня ў мінскай архікатэдры святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
сабраліся на малітву, а таксама арганізацыйную сустрэчу з Мітрапалітам
Тадэвушам Кандрусевічам на распачацце новага этапу пастырскага
служэння.
Арцыпастыр заклікаў працаваць у кірунку паляпшэння якасці катэхізацыі на парафіяльным узроўні. Іерарх падкрэсліў, што ў пастырстве сем’яў дапаможнікам можа стаць Апостальская адгартацыя Папы «Amoris Laetitia» («Радасць любові»), якая была выдадзена таксама на беларускай мове.
Сярод пастырскіх праграм былі вылучаны:
- сустрэчы на тэму паклікання
- адвэнтавае і велікапоснае моладзевыя чуванні
- Навэнна да Маці Божай Фацімскай і перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай як падрыхтоўка да юбілею 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
- дзень малітвы за мір з нагоды Міжрэлігійнай сустрэчы ў Асізі — 20 верасня.
«Сённяшні ўспамін цярпенняў Марыі накіроўвае нашы сэрцы да Яе, якую не перамаглі цяжкасці і якая засталася вернай свайму пакліканню быць Маці Збаўцы. Прыклад Марыі павінен падбадзёрыць нас да ахвярнага служэння Божаму народу. Не наракаць, але служыць», — адзначыў Мітрапаліт у гаміліі.
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы
Іерарх заклікаў браць прыклад з кс. інфулата Міхала Арановіча, а таксама бл. кс. Букавінскага, якія ў часы пераследу веры без нараканняў з ранку да вечара катэхізавалі, спавядалі, ездзілі да хворых і на пахаванні, удзялялі сакрамэнты.
«Час пастырскай працы не ведае перапынку», — нагадаў арцыбіскуп і даручыў апецы Маці Божай Балеснай душпастыраў архідыяцэзіі.
Наступная пастырская сустрэча адбудзецца 13 кастрычніка пры мінскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава). Душпастыры і кансэкраваныя асобы Магілёўскай часткі архідыяцэзіі збяруцца ў Шклове таксама 13 кастрычніка.