Пошук

10.09.2016 21:32   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

10 верасня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылася сустрэча ўдзельнікаў свецкага руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым, якое аказвае духоўную падтрымку памерлым, ахвяруючы за іх Богу свае малітвы, працу, радасці і цярпенні.

к

Па традыцыі сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў кс. Ігар Лашук, душпастыр руху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На набажэнстве сабраліся, нібы адна вялікая дружная сям’я, малітоўныя групы Апостальства з розных парафій разам са сваімі душпастырамі.

Сустрэча працягнулася фармацыйнай катэхезай у дольным касцёле пад кіраўніцтвам сястры Анны Чайкоўскай WDC, якая належыць да Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым і з’яўляецца адказнай за Апостальства — свецкае адгалінаванне вялікай духоўнай сям’і Кангрэгацыі. Сястра Анна ў жывых і трапных вобразах распавяла ўдзельнікам сустрэчы пра тое, чаму душам чыстцовым вельмі моцна патрэбная наша дапамога і што з’яўляецца прычынай глыбокага смутку і цярпення памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы.

Прамоўца звярнула асаблівую ўвагу на тое, як мы можам прынесці палёгку гэтым няшчасным душам і як павінны клапаціцца аб ачышчэнні ўласных сэрцаў ужо тут, на зямлі. Па словах сястры, частае прыступанне да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі, ахвяраванне Богу сваіх цярпенняў, прабачэнне, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і чытанне Божага слова, учынкі міласэрнасці і «гігіена» ўласных пачуццяў, няспыннае шуканне і выкананне волі Айца Нябеснага — усё гэта ачышчае нас і душы памерлых, з якімі мы яднаемся ў малітве, робіць нашыя сэрцы чулымі да дзеяння Духа Святога і гатовымі прыняць шматлікія Божыя ласкі.

Духоўная еднасць, якую ўдзельнікі Апостальства дапамогі душам чыстцовым мелі магчымасць яшчэ глыбей спазнаць падчас агульнага набажэнства, катэхезы і пачастунку, падчас асабістых размоваў і дзялення перажытым досведам, умацоўвала Апостальства і дапамагала знайсці адказы на шматлікія пытанні, якія часта хвалююць нас, створаных для вечнага жыцця, але яшчэ вандроўнікаў на зямных шляхах.

Свецкі рух Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ) належыць да духоўнай сям’і Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым, якую заснаваў бл. Ганарат Казьмінскі і маці Ванда Алендская ў 1889 г. у Закрочыме. Мэта Апостальства — дапамагаць душам памерлых, якія церпяць у чыстцы, праз малітву і ахвяраванне Богу сваіх цярпенняў, працы, радасцяў і цяжкасцяў. Далучыцца да АДДЧ можа кожны, хто жадае такім чынам праяўляць міласэрнасць да памерлых. Падрабязней пра Апостальства можна даведацца на сайце apostalstva.by.

Ганна Шаўчэнка
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.