Пошук

08.09.2016 11:44  

Вернікі парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску мелі магчымасць набрацца сіл для вучобы і працы праз удзел у летніх лагерах.

r

У межах летніка малодшыя парафіяне наведалі адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі — Полацк. Галоўнай тэмай гэтых васьмі дзён стала сустрэча з Міласэрным Айцом. Хлопчыкі і дзяўчынкі разважалі пра Бога, вучыліся размаўляць з Нябесным Айцом, маліліся разам, удзельнічалі ў супольных спевах і весела праводзілі час з сябрамі ў падарожжах па Полацку.


Падлеткі бабруйскай парафіі на працягу дзевяці дзён адпачывалі ў Шчучыне. Яны імкнуліся глыбей пазнаць праўды веры і прыпавесці, якія распавядаў Езус сваім вучням. Асноўнай тэмай летніка ў гэтым годзе была галоўная частка Святога Пісання — Евангелле — і разважанні аб Эўхарыстыі. Апрача катэхезаў і штодзённай святой Імшы, арганізоўваліся вясёлыя вечары, забавы з падарункамі. Падлеткі наведалі Гродна, пазнаёміліся з ягонымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, архітэктурнай і рэлігійнай спадчынай.

Маладыя людзі з бабруйскай парафіі прынялі ўдзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве, дзе мелі магчымасць падзяліцца верай з моладдзю з усяго свету і даць сведчанне аб жывым і актыўным Касцёле ў Беларусі.


Сем’і парафіі ажыццявілі сумеснае падарожжа на байдарках па рэках Свіслачы і Беразіне, праз разважанне над Божым словам і захапленне беларускай прыродай клапоцячыся аб здароўі душы і цела і стараючыся ўмацаваць сямейныя сувязі. Кожны дзень быў насычаны малітвамі, удзелам у сакрамэнтах і праслаўленнем Пана.

Арганізатары спадзяюцца, што сёлетні адпачынак быў не толькі прыемным, але і карысным, а ўдзельнікі мерыпрыемстваў набраліся патрэбных сіл і паглыбілі еднасць з Богам.

(AG)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.