Пошук


4 верасня ў мінскай архікатэдры новапрызначаны Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр узначаліў сваю першую літургію з удзелам духавенства і вернікаў нашай краіны. У Беларусь іерарх прыбыў 18 жніўня. 

У літургіі, якую Нунцый цэлебраваў на беларускай мове, прынялі ўдзел каталіцкія біскупы Беларусі і прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы ў РБ на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам.

Слова «нунцый» (лац. — nuntius) азначае вястун ці пасланнік. «Калі паміж краінамі ўстанаўліваюцца дыпламатычныя адносіны, то яны абменьваюцца пасламі, кожны з якіх прадстаўляе сваю краіну ў іншай», — патлумачыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр таксама падкрэсліў ролю пасла ў сучасным свеце, якая «вынікае з агульнай сусветнай тэндэнцыі да збліжэння і развіцця адносін паміж рознымі краінамі», асабліва калі «для вырашэння тых ці іншых праблем неабходны непасрэдныя кантакты і цеснае супрацоўніцтва».

Мітрапаліт прыгадаў таксама спадзяванні Папы Францішка аб прыездзе ў Беларусь і запэўніў новапрызначанага Нунцыя, што беларускі народ «усцяж з надзеяй чакае візіту Пантыфіка, які вельмі патрэбны, каб умацаваць нашу веру, надзею і любоў».

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас першай святой Імшы Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра

Апостальскі Нунцый звярнуўся да прысутнага духавенства і вернікаў на рускай мове. Іерарх адзначыў, што ўжо паўгода вывучае гісторыю і культуру нашай краіны і Касцёла і ўбачыў, што наш народ ва ўсе часы імкнуўся будаваць жыццё на агульначалавечых каштоўнасцях і перадаваць іх наступным пакаленням. «Вы, сабраныя тут, з'яўляецеся надзеяй для многіх», — падкрэсліў арцыбіскуп Габар Пінтэр. На заканчэнне прамовы іерарх перадаў ад Святога Айца сардэчныя пажаданні Касцёлу ў Беларусі і ўсім людзям гэтай зямлі.


Пасля звароту арцыбіскуп Пінтэр урачыста перадаў у рукі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, Старшыні епіскапату, мандат Святога Пасаду, якім ён быў прызначаны на пасаду Апостальскага Нунцыя ў нашай краіне.

Дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь былі ўсталяваны па ўзаемнай згодзе дзвюх краін 11 лістапада 1992 года. Ад гэтага часу Святога Айца ў Беларусі прадстаўлялі арцыбіскупы Франчэско Каласуона, Габрыэль Мантальва Хігуэра, Агосціно Маркетта, Дамінік Грушоўскі, Іван Юркавіч, Марцін Відавіч, Клаўдыё Гуджэроцці.

Пасля прызначэння арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці Апостальскім Нунцыем ва Украіне Беларусь на працягу васьмі месяцаў заставалася без прадстаўніка Святога Айца.

Валянціна Грамыка
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця