Пошук


3 верасня на вежах новай святыні ў мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранка) былі ўсталяваны пяць крыжоў. Іх благаслаўленне здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Усяго ў ансамблі сем крыжоў, два з якіх былі ўсталяваны ў жніўні 2015 года.

Падчас набажэнства ў прысутнасці шматлікіх вернікаў і салезіянскай сям’і з усёй Беларусі адбыўся мантаж крыжоў. Іерарх з дапамогай будаўнічай тэхнікі быў узняты над дахам святыні для іх благаслаўлення.

«Крыж з’яўляецца сімвалам хрысціянства і таму з першых стагоддзяў прысутнічае ў яго гісторыі. Мы бачым крыжы на скрыжаванні дарог. Яны знаходзяцца ў нашых дамах і памяшканнях. Узносяцца на вежах касцёлаў і гэтым самым указваюць на святое месца, дзе абвяшчаецца Евангелле, дзе ў сакрамэнтах Божая ласка шчодра напаўняе душы людзей і дзе будуецца хрысціянская супольнасць», — нагадаў у гаміліі арцыпастыр.

Мітрапаліт Кандрусевіч і галоўны архітэктар Аляксей Яроменка абмяркоўваюць апошнія дэталі.

Атэістычныя ліхалецці знеслі мноства крыжоў не толькі з вежаў святынь, але вырвалі гэты знак збаўлення таксама з сэрцаў многіх людзей. «Аднак Бог паказаў, што Ён, а не хтосьці іншы, з’яўляецца Валадаром гісторыі. Пасля доўгіх дзесяцігоддзяў пераследу мы атрымалі свабоду веравызнання, і крыжы ізноў пачалі расці на нашай зямлі. Фацімскае прароцтва аб навяртанні нашай зямлі, 100-гадовы юбілей якога мы будзем адзначаць у наступным годзе, збываецца. Аб гэтым сведчаць і крыжы, што ўзносяцца на касцёле ў Серабранцы, які будуецца», — дадаў Мітрапаліт.

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы з благаслаўленнем і ўстаноўкай крыжоў на касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Мінску 

Колькасць крыжоў над святыняй — сем — сімвалізуе сем святых сакрамэнтаў. Крыж над галоўнай вежай (ён самы вялікі з усіх — важыць амаль тону) мае эўхарыстычную сімволіку.

«Святыня пабудавана ў выглядзе статка. Езус Эўхарыстычны — Альфа і Амега — вядзе гэты статак у Нябесны Ерузалем. Вядзе разам з Марыяй, Маці сваёй, і праз харызму святога Яна Боско», — распавёў кс. Аляксандр Мятліцкі SDB.

Будаўніцтва касцёла пачалося ў 2007 годзе. Будаўнічыя працы распачаў і быў за іх адказны да 2011 года кс. Ігар Лашук, тагачасны пробашч мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы. З чэрвеня 2011 года адказным за будаўніцтва святыні стаў новы пробашч парафіі кс. Аляксандр Мятліцкі SDB. Паводле слоў кс. Мятліцкага, зімой плануецца распачаць працы ўнутры касцёла. Акрамя гэтага, ужо распрацаваны праект на добраўпарадкаванне прыкасцёльнай тэрыторыі, на якой плануецца пабудаваць дзіцячае кафэ і зрабіць спартыўную пляцоўку.

У новай, яшчэ недабудаванай святыні ўжо прайшло не адно набажэнства і свята, аднак калі парафіяльнае жыццё цалкам пяройдзе ў сцены новага касцёла, пробашч пакуль не загадвае.

Валянціна Грамыка
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця