Пошук

08.08.2016 12:15  

Традыцыйнае свята, прысвечанае святому Дамініку — апекуну парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Ракаве — распачалося сёлета візітам дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB.

Падчас Імшы пастыр заклікаў прысутных не толькі маліцца, але і перамяняць сваё жыццё, кіруючыся прыкладам святога Дамініка, «чалавека надзвычай актуальнага для нашага часу».



Біскуп таксама заахвоціў вернікаў скарыстацца вялікай колькасцю літаратуры, прысвечанай гэтаму святому, каб яшчэ больш даведацца пра нябеснага апекуна парафіі.

Іерарх засяродзіў увагу на некалькіх адметных момантах з жыцця святога, напрыклад, распавёў пра тое, як незадоўга да свайго адыходу ў вечнасць св. Дамінік папрасіў вучняў не аплакваць яго, а аддана прапаведваць Божае слова, любіць жыццё і цаніць Касцёл, каб клопат пра збаўленне душы кожнага чалавека стаў для іх клопатам усяго жыцця.



Прыгадаў біскуп і выпадак з савецкага мінулага, калі на сцэне маскоўскага тэатра адбылася прэм’ера спектакля «Хрыстус у фраку». Паводле задумы стваральнікаў, артыст Аляксандр Растоўцаў, які выконваў ролю Хрыста, мусіў здзеквацца са Святога Пісання, але замест гэтага прачытаў яго так, што гледачы баяліся ўздыхнуць, захопленыя Святым Тэкстам. Са словамі «Успомні пра мяне, Пане, калі будзеш у сваім Валадарстве…» артыст сышоў са сцэны, аднак за некалькі хвілін Божае слова перамяніла і яго, і многіх, хто быў у зале.


Так біскуп нагадаў пра тое, што сапраўдная мудрасць не ў сучасных тэхнічных сродках, а ў тым, каб штодня спазнаваць Бога, жыць Ім і рабіць тое, да чаго Ён заклікае.



Акрамя таго, пастыр павіншаваў католікаў Ракава з тым, што іх стала яшчэ больш — у гэты дзень прынялі хрост трое маленькіх ракаўчан.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол святыні, а апоўдні — канцэрт арганнай і вакальнай музыкі ў выкананні арганіста Юрыя Габруся і мецца-сапрана Кацярыны Крашчук. Дарэчы, арган, які быў усталяваны ў ракаўскім касцёле амаль чвэрць стагоддзя таму, нядаўна быў адрэстаўраваны дзякуючы ахвяраванням парафіян. Як прызнаўся арганіст, адзінае, чаго хацелася б пажадаць велічнаму інструменту, — каб на ім гралі як мага больш.



У панядзелак 8 жніўня свята працягнецца — на святую Імшу ў гонар апекуна парафіі ў 18.00 запрашаюцца ўсе жадаючыя, каб памаліцца праз заступніцтва гэтага святога.

Таццяна Сівец, фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.