Лагойская парафія Святога Казіміра сумесна з Дабрачынным каталіцкім таварыствам «Карытас» зладзілі для дзяцей «Канікулы з Богам» у Ляскоўцы. Канікулы прайшлі з 11 па 16 ліпеня на базе Дзіцячага дабрачыннага сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтра св. Лукі.
У ходзе канікул на тэму «Дзесяць Божых запаведзяў майго жыцця» дзеці мелі магчымасць адпачываць і бліжэй пазнаваць Бога.
Штодзённая праграма ўключала працу ў групах, малітву, катэхезу, разважанні, святую Імшу, гульні, шматлікія мерапрыемствы, забавы і вясёлы вечар. Усё гэта дазваляла прыемна і з карысцю праводзіць час і не сумаваць. Конкурс прыгажосці на «Міс-Карытас», «Таемны сябра», спартакіяда, віктарыны, конкурсы малюнкаў, разнастайныя гульні, фільм успрымаліся дзецьмі з вялікай зацікаўленасцю і задавальненнем.
Дзякуючы аніматарам, кожны дзень праходзіў вясёлы вечар, падчас якога дзеці з ахвотай прымалі ўдзел у забавах і танчылі. Удзельнікам надзвычай спадабалася акцыя «Ліст да бацькоў»: яны старанна пісалі шчырыя словы бацькам, а тыя былі вельмі здзіўленыя і кранутыя, калі знайшлі ў сваіх паштовых скрынях сапраўдныя лісты. Вяночак да Божай Міласэрнасці, Крыжовы шлях, ранішняя і вячэрняя малітва, святая Імша дапамагалі дзецям наблізіцца да Бога і нагадвалі, што за кожны дзень трэба дзякаваць.
Галоўным пунктам кожнага дня была святая Імша, падчас якой дзяўчаты вучыліся новым спевам і выкананню псальмаў, а хлопчыкі адкрылі для сябе новы ўзровень служэння ў касцёле і паспрабавалі сябе ў ролі міністрантаў.
Духоўным апекуном летніка быў пробашч парафіі ў Лагойску а. Тамаш Маліноўскі MSF. За духоўнае ўзрастанне дзяцей і моладзі таксама адказваў дыякан Аляксей Паплёўка MSF.
Кульмінацыйным і вельмі ўзрушваючым момантам для ўдзельнікаў адпачынку стаў канцэрт «Угору сэрцы!», падрыхтаваны дзецьмі і выхавацелямі для маленькіх пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі і іх бацькоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі цэнтра. Дзеці вельмі адказна падыйшлі да справы: танчылі, спявалі, гралі на баяне, чыталі вершы і паказвалі інсцэніроўкі. Скончыўся канцэрт агульным спевам «Хай тваё сэрца больш не журыцца», пасля быў пачастунак.
Кожны дзень быў асаблівым — удзельнікі маглі пазнаваць адзін аднаго ўсё больш, адкрываліся новыя таленты, з’яўляліся новыя эмоцыі. Вечарам удзельнікі канікул выказвалі думкі адносна таго, што спадабалася, што хацелася б змяніць, што прынесла шмат радасці. «Іскра», якая праходзіла па руках усіх, успрымалася як сімвал з’яднання. За пяць дзён сабраныя адчулі сябе часткай чагосьці большага, чым проста групы на адпачынку: сталі як сапраўдная сям’я.
У апошні дзень адбылася ўрачыстая святая Імша з удзелам дзяцей і іх бацькоў. Усе ўдзельнікі «Канікул з Богам» атрымалі памятныя дыпломы. Гучалі цёплыя словы падзякі ў адрас выхавацеляў, павароў і ўсіх супрацoўнікаў цэнтра «Карытас». Айцец Тамаш Маліноўскі падкрэсліў, што без Бога нічога б не атрымалася.
Дзеці ад’язджалі дадому з радаснымі ўсмешкамі.
Алена Антаневіч, (AG)