17 ліпеня ў будынку новага касцёла св. Яна Боско ў Мінску (Серабранка) адбылася прыміцыйная святая Імша новапрэзбітэра Алега Каралёва SDB. Павіншаваць і падтрымаць маладога святара, які атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне напярэдадні, прыбыло шмат гасцей, сяброў і настаўнікаў, з Беларусі і з-за мяжы.
Сярод прысутных былі госць з Рыма — былы сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі мансеньёр Філіппо Чампанэллі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, Рэгіянальны настаяцель салезіянскай супольнасці ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. У будынку касцёла сабралася шмат моладзі і парафіян старэйшага ўзросту.
Перад святой Імшой бацька новапрэзбітэра Алега Каралёва ўдзяліў сыну бацькоўскае благаслаўленне, пасля чаго дзяўчаты ў нацыянальных строях падвялі новага святара ў прыгожым вянку, сплеценым з кветак, да алтара, на якім ён будзе цэлебраваць першую ў сваім жыцці святую Імшу.
Гамілію прамовіў мансеньёр Філіппо Чампанэллі. Звяртаючыся да новапрэзбітэра, госць з Рыма падкрэсліў важнасць перажывання свайго святарства разам з Езусам, адзначыўшы, што кожны дзень усе свае справы, усіх людзей, з якімі сустракаешся, трэба давяраць Яму. Па словах мансеньёра Філіппо Чампанэллі, выбіраючы святарскі шлях, неабходна наследаваць аблічча Хрыста, ставіцца да сваёй паслугі так, як гэта рабіў Езус. Як дадаў былы сакратар Нунцыятуры, вочы святара не глядзяць на самога сябе, а скіраваны на іншых і на Бога, шукаюць не таго, што падабаецца, а тых, хто патрабуе; вусны святара прамаўляюць Божае слова, не павінны казаць тое, чаго жадае святар, але шукаць волі Бога; рукі святара з’яўляюцца Божым інструментам, яны трымаюць Езуса падчас Эўхарыстыі і благаслаўляюць. Мансеньёр Філіппо Чампанэллі дадаў, што святар павінен усміхацца, нават калі мае цяжкасці, а радасць трэба шукаць у тым, што мы з’яўляемся любімымі дзецьмі Айца.
Акрамя таго, мансеньёр Чампанэллі перадаў новапрэзбітэру Алегу Каралёву віншаванні з Ватыкана ад Папы Францішка з нагоды пасвячэння. Гэты ганаровы знак прысутныя адзначылі авацыямі.
Напрыканцы святой Імшы некалькі радасных слоў віншавання прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Варта адзначыць, што іерарх ноччу прысутнічаў на ўрачыстасцях у Гудагаі, але, нягледзячы на стому, прыехаў падтрымаць свайго выхаванца ў гэты важны і адказны для яго момант.
Пасля Імшы ксёндз Алег Каралёў удзяліў благаслаўленне сваім родным, сабратам, манахіням і ўсім прысутным.
Паводле sdb.by
(AG)
Фота sdb.by