Пошук

18.07.2016 14:36  

16 ліпеня на святой Імшы ў будынку новага касцёла св. Яна Боско ў Мінску (Серабранка) дыякан Алег Каралёў SDB атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB.

На працягу 10 гадоў, калі Алег Каралёў рыхтаваўся стаць святаром, парафія, родныя, блізкія і ўся салезіянская сям’я маліліся за яго.

На ўрачыстую падзею прыбылі шматлікія госці з розных куткоў свету, родныя, настаўнікі, сябры, знаёмыя будучага прэзбітэра, парафіяне і моладзь.

Ва ўступным слове Рэгіянальны настаяцель салезіянскай супольнасці ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB падзякаваў родным дыякана Алега, якія выхавалі для салезіянскай сям’і годнага сабрата, а асаблівым чынам прывітаў самога кандыдата да пасвячэння.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі падчас Імшы падкрэсліў, што дыякан Алег сам выбраў шлях святара, гэта свядомы адказ на пакліканне, і, рэалізуючы гэтае пакліканне, неабходна імкнуцца дайсці да святасці. Прэзбітэрскае пасвячэнне, як дадаў біскуп, не дае нейкага асаблівага статусу, не стварае дадатковых прывілеяў: у першую чаргу прэзбітэр робіцца слугой, слугой людзей, для якіх пастаўлены. Па словах іерарха, стаўшы святаром, атрымліваеш заданне абуджаць у людзях любоў да Бога, міласэрнасць, дабрыню. Салезіянскі святар, як звярнуў увагу іерарх, павінен быць разам з моладдзю, шукаць маладых людзей, быць побач з сем’ямі, быць падтрымкай і апорай у цяжкасцях, паказваць прыгажосць і радасць, адкрытасць і любоў, Божае айцоўства і мацярынства Касцёла.



«Дарагі дыякан Алег, сёння Святым, Каталіцкім і Апостальскім Касцёлам, праз ускладанне маіх рук як Наступніка Апосталаў, табе давяраецца місія прэзбітэра. І якім чынам, з якім духам і наколькі рупліва ты будзеш яе выконваць, некалі зможаш адказаць толькі ты сам. Галоўнае — не бойся! Таму што сваё служэнне ты выконваеш у Касцёле, які заўсёды быў пакліканы да служэння ў любові і адданасці братам і сёстрам у Хрысце. Дай Езусу свае рукі і сваё сэрца, пазыч Яму свае вусны для абвяшчэння Евангелля, якое заўсёды прыносіць вясну духоўнага абнаўлення. Май чыстае сэрца і чысты позірк, і тады будзеш мець шмат добрых сяброў. Дай іншым Хрыста, і тады ўсё астатняе табе як манаху будзе лягчэй раздаваць іншым», — гэтымі словамі іерарх завяршыў гамілію. Яго настаўленне было сапраўды бацькоўскім, бо, будучы прэзбітэрам, біскуп Аляксандр Яшэўскі быў першым фарматарам дыякана Алега ў прэнавіцыяце.



Пасля атрымання пасвячэння новапрэзбітэр далучыўся да святарскай супольнасці каля алтара, каб прыняць удзел у таямніцы Перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, а таксама ўдзяліць вернікам сакрамэнт Эўхарыстыі. Са слязьмі на вачах парафіяне прымалі святую Камунію ў новым касцёле з рук новага святара, якога ведалі яшчэ хлопчыкам.

Напрыканцы Імшы новапрэзбітэр падзякаваў усім прысутным, сваёй сям’і, святарам, манахіням, моладзі, а таксама папрасіў аб малітве ў яго інтэнцыі. Ксёндз Алег Каралёў паабяцаў, што ўсё сваё жыццё да рэшты прысвеціць моладзі.

Паводле sdb.by

(AG)

Фота sdb.by

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа