«Міжнародная парафіяда для дзяцей і моладзі» — такую назву атрымала
спартыўнае спаборніцтва, якое ў дваццаць восьмы раз адбылося ў Польшчы. Цягам пяці дзён — з 10 да 15 ліпеня — юныя каталіцкія вернікі змагаліся за першынство ў розных відах спорту, за лідарства ў творчых конкурсах і духоўных адукацыйных праграмах.
Сярод удзельнікаў — каманды Польшчы, Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Германіі і іншых краін. У цэлым у Парафіядзе прымалі ўдзел каля 2 тысяч чалавек.
Лошыцкая каманда «Міхаэль» перад пачаткам Парафіяды
У спартыўных і творчых спаборніцтвах Парафіяды ўдзельнічала таксама каманда «Міхаэль» з мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай (Лошыца). Юнакі і дзяўчаты годна прэзентавалі каталіцкую моладзь Мінска на футбольным полі і тэнісных кортах, у плаванні, малюнку і ншых спаборніцтвах і конкурсах.
Пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай ксёндз Генадзь Кухарэвіч на адкрыцці Парафіяды з камандай «Міхаэль»
Аднак здабыць перамогу ў паядынках з таксама годнымі супернікамі не было проста. Тым больш радаснай і значнай была падзея трэцяга дня: на два першыя месцы ў спаборніцтве па стральбе падняліся адразу два члены каманды «Міхаэль»: Мікіта Варанько і Ян Акуліч. За першае і другое месца юнакі атрымалі медалі і ганаровыя граматы ў парафіях.
Першае і другое месца Парафіяды ў стральбе: Ян Акуліч і Мікіта Варанько — каманда «Міхаэль», Мінск
Павіншаваць пераможцаў прыйшлі сябры не толькі з «Міхаэля», але і з іншых беларускіх каманд.
Агульнай атмасферай Парафіяды было сумленнае спаборніцтва за першынство ў сіле духу, розуму і цела, а таксама таварыская еднасць, злучаная духам Хрыста. Пра высокае сацыяльна-грамадскае і духоўнае значэнне Парафіяды і патранаж спаборніцтва з боку ўрадавых структур Польшчы сведчыць той факт, што мерапрыемства ўрачыста адкрыў арцыбіскуп, а на закрыццё прыбыў прадстаўнік сакратарыяту Прэзідэнта краіны, а таксама адпаведных камісій сенату Польшчы.
Святары таксама любяць футбол: ксёндз Генадзь Кухарэвіч не ўстрымаўся ад матчу
Урачыстая святая Імша і малітва ўдзельнікаў каля пахавальні заснавальніка Парафіяды ксяндза Юзафа Ёнца стала моцнай духоўнай кропкай на завяршэнне першай часткі ХХVIII Парафіяды. Затым удзельнікі выправіліся на двухтыднёвы адпачынак.
Галіна Абакунчык,
Фота аўтара