1 ліпеня на пачатак сёлетніх урачыстасцяў у Будславе святую Імшу для
пілігрымаў, якія прыбылі ў Нацыянальны санктуарый з усёй Беларусі,
узначаліў арцыбіскуп Вільнюскі (Літва) Гінтарас Грушас.
Ад імя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які ў гэты момант суправаджаў папскага легата кардынала Крыстафа Шонбарна, усіх сабраных прывітаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Звяртаючыся да прысутных, іерарх адзначыў: «Кожны год на пачатку месяца ліпеня з усіх куткоў нашай краіны: з вялікіх гарадоў і маленькіх вёсак, а таксама з-за мяжы, у Будслаў прыбываюць вернікі, каб пакланіцца і ўшанаваць Маці Божую».
Пешыя пілігрымкі — знак таго, што на Беларусі Бог жыве
Біскуп звярнуў увагу, што вельмі вялікае значэнне ў перажыванні будслаўскіх урачыстасцяў маюць пешыя пілігрымкі, «якія з’яўляюцца знакам, што на Беларусі Бог жыве і любоў да Маці Божай усё больш і больш умацоўваецца ў сэрцах і душах Яе дзяцей».
Сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе, па словах іерарха, маюць асаблівае значэнне. «У першую чаргу таму, што разам з усім Паўсюдным Касцёлам мы перажываем Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці і ў гэтай юбілейнай святыні нашай архідыяцэзіі, праходзячы праз Браму Божай Міласэрнасці, жадаем спазнаць міласэрнасць Айца і ўцелаўляць яе ў нашу штодзённасць. Па-другое, Каталіцкі Касцёл у Беларусі дзякуе Богу за юбілей 25-годдзя аднаўлення сваіх структур у нашай краіне і ўстанаўлення новых. Па-трэцяе, у гэтыя дні будслаўскага фэсту, асаблівым чынам пад кіраўніцтвам папскага пасланніка — кардынала Крыстафа Шонбарна — мы будзем дзякаваць Богу за сярэбраны юбілей нашай умілаванай Мінска-Магілёўскай мітраполіі і яе Мітрапалітаў, святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, сапраўднага сведкі веры, і цяперашняга Мітрапаліта, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, першага пасля 60 гадоў біскупа, які адраджаў з руін наш Касцёл і сёння працягвае быць нястомным апосталам Хрыстовага Касцёла ў нашай краіне», — адзначыў біскуп.
Звяртаючыся да пілігрымаў, іерарх сказаў: «Цешуся, што вы шчасліва дайшлі, нягледзячы на балючыя мазалі, скалечаныя ногі, пазначаныя спякотай вашыя рукі і твар. Няхай кожны з вас ужо на гэтай святой Імшы ахвяруе свае інтэнцыі Богу праз рукі Марыі і адчуе сапраўдную асалоду і задавальненне».
Маці Міласэрнасці, якая чувае над намі
Арцыбіскуп Гінтарас Грушас у гаміліі прызнаўся, што ў гэты Год Міласэрнасці прыехаў з горада Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, да Будслаўскай Мадонны, Апякункі Беларусі, каб далучыцца да пілігрымаў «у малітвах удзячнасці за многія ласкі, якія мы атрымалі ад Яе, і ў малітвах просьбаў аб нашых асабістых патрэбах, патрэбах Касцёла і ўсяго свету». Па словах іерарха, абраз Маці Божай Вастрабрамскай і абраз Маці Божай Будслаўскай «з’яўляюцца двума сведчаннямі таго, як Багародзіца заўжды імкнецца апекавацца намі, пакуль не споўняцца абяцанні, якія Яе Сын даў нам». «Як нашая Маці, Яна вучыць нас і фармуе на правільным жыццёвым шляху, Яна чувае над намі і заступаецца за нас, Яна дае нам усё неабходнае, каб дасягнуць поспеху ў жыцці», — сказаў арцыбіскуп.
Літоўскі іерарх патлумачыў, што, «каб быць міласэрнымі, як Айцец, адпаведна з дэвізам гэтага Юбілейнага Года, мы можам зрабіць першы крок, вучачыся быць міласэрнымі, як Маці, паўтараючы Яе ўчынкі і Яе лад жыцця». «Праз Марыю Бог даў нам Ружанец як спосаб часта і глыбока сузіраць зямное жыццё Езуса і Марыі, каб, разважаючы над іх учынкамі і спосабам мыслення, мы перанялі іх і практыкавалі ва ўласным штодзённым жыцці, — адзначыў арцыбіскуп. — Гэтыя два інструменты, Евангелле і Ружанец, павінны быць выкарыстаныя разам і разам павінны весці нас да святасці».
Іерарх дадаў, што ў таямніцах Ружанца «Марыя дапамагае нам убачыць Яе адносіны з Богам — Айцом, Сынам і Духам Святым — каб, сузіраючы гэтыя адносіны і разважаючы над імі, мы маглі як мага лепш здзяйсняць іх у сваім жыцці».
Матчына заступніцтва і абарона
«Марыя, нашая Маці, не толькі дае нам прыклад, каб вучыцца, каб паўтараць за Ёю, Яна дае нам сілы для гэтага праз сваё нястомнае заступніцтва і абарону. Яна дае нам магчымасць усвядоміць, што нам патрэбная Яе падтрымка, і дае нам патрэбныя здольнасці, каб мы заклікалі Яе заступніцтва і перамагалі цяжкасці», — падкрэсліў літоўскі арцыпастыр.
Іерарх звярнуў увагу, што «на працягу стагоддзяў, з таго часу, як Марыя ўпершыню перадала ружанцовую малітву святому Дамініку, Ружанец з’яўляецца Яе найлепшым інструментам, каб змагацца з сіламі зла і абараняць сваіх дзяцей».
«На пачатку мінулага стагоддзя Марыя аб’явілася ў Фаціме, настойліва просячы нас маліцца на ружанцы, каб абараніць грамадствы і народы ад надыходзячага зла, якое пагражае не толькі Касцёлу, але і існаванню многіх народаў», — нагадаў арцыбіскуп.
«Падчас аб’яўленняў, якія ў мінулым стагоддзі адбываліся ў Вільні, Езус выкарыстаў тую самую прыладу, ружанец, каб навучыць святую Фаўстыну новай малітве, Вяночку да Божай Міласэрнасці, — дадаў іерарх. — Вяночак укладае ў рукі і вусны кожнага верніка сілы, каб прасіць аб ласцы Яго Міласэрнасці».
Арцыбіскуп Гінтарас Грушас заклікаў вернікаў, каб, адзначаючы Год Міласэрнасці і 25-ю гадавіну ўтварэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі, а таксама рыхтуючыся ў наступным годзе адзначыць сотую гадавіну аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай, яны шчыра прасілі Бога праз заступніцтва Будслаўскай Багародзіцы даць ласку «наследаваць жыццё Езуса і Марыі».
(AG)
Фота Аляксандры Шчыглінскай