Пошук


29.06.2016 14:43  

29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, ранішнюю святую Імшу ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, дзе сабраліся ўдзельнікі адразу трох пілігрымак, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскуп вікарый для Магілёўшчыны Аляксандр Яшэўскі SDB.

На Імшы прысутнічалі ўдзельнікі капуцынскай пілігрымкі з Маладзечна, салезіянскай СМЕП, а таксама пілігрымкі з Вілейкі, якая ў гэты дзень таксама вырушыла ў шлях у Будслаў.

На пачатку Эўхарыстыі мясцовы пробашч кс. Аляксандр Барыла адзначыў, што прымаць біскупа — вялікі гонар для Вілейкі. Варта адзначыць, што год таму ў гэты ж дзень, у хуткім часе пасля свайго біскупскага пасвячэння, біскуп Аляксандр Яшэўскі таксама быў у Вілейцы і цэлебраваў святую Імшу.

Біскуп адзначыў, што яму вельмі прыемна прысутнічаць тут і раздзяліць з пілігрымамі радасць іх вандравання ў асаблівы час для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які перажывае 25-годдзе адраджэння сваіх структур і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

У гаміліі біскуп сказаў: «Год таму цэлебруючы святую Імшу з гэтай жа нагоды, я казаў пра крыж як знак нашага збаўлення і як шлях да збаўлення. Сёння я хацеў бы звярнуць сваю ўвагу на Божую міласэрнасць, бо мы знаходзімся ў часе Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці».

Па словах іерарха, Божая міласэрнасць вельмі добра праяўляецца ў святых, якіх Касцёл успамінае ва ўрачыстасці гэтага дня. Біскуп дадаў, што апосталы Пётр і Павел «вельмі розныя, але аб’яднаны любоўю да Бога». «Пётр да сустрэчы з Езусам быў простым неадукаваным рыбаком Сымонам. Ён клапаціўся пра штодзённы хлеб, пра патрэбы сваёй сям’і. Аднак сустрэча з Хрыстом радыкальна змяняе яго жыццё, ён становіцца тым, каму Езус пакідае клопат пра свай Касцёл і ўмацаванне братоў у веры. Павел жа, наадварот, быў вельмі адукаваным і паважаным чалавекам па імені Саўл і зацята пераследаваў хрысціян. Але, зноў жа, Езус сваёй міласэрнасцю ставіць ўсё з ног на галаву. Пачуўшы: “Саўл, чаму ты Мяне пераследуеш?”, былы вораг хрысціянства становіцца Паўлам, вялікім апосталам народаў», — нагадаў іерарх.

Біскуп дадаў, што абодва гэтых чалавека, на якіх стаіць хрысціянства, не былі дасканалымі: Пётр адракаўся ад Хрыста, а Павел Яго пераследаваў, «але Божая міласэрнасць робіць цуды: нягледзячы на ўсю недасканаласць і чалавечую слабасць, абодва сталі святымі, абодва мелі мужнасць аддаць сваё жыццё за Езуса, якога пазналі і моцна ўзлюбілі».

Іерарх заахвоціў пілігрымаў стаць сапраўднымі сведкамі Хрыста, не толькі на словах ці час ад часу, як, напрыклад, у пілігрымцы, а заўсёды і ўсюды; любіць Касцёл як сваю Маці і бараніць яго нястомна. Таксама біскуп заклікаў у гэты выключны дзень ахвяраваць працу пілігрымавання ў інтэнцыі Святога Айца, «Пятра сённяшняга часу».

Дзякуючы ўсім за супольную сустрэчу, іерарх павіншаваў усіх, хто адзначае ў гэты дзень імяніны, і асабліва прасіў маліцца аб новых і святых пакліканнях, «бо жніво ў нашай краіне вялікае, а работнікаў усё ж такі яшчэ мала». Словы ўдзячнасці былі скіраваны і да пробашча парафіі ў Вілейцы ксяндза Аляксандра Барылы, вікарыя і ўсіх парафіян за штогадовае прыняцце пілігрымаў на начлег, як брата ці сястры ў Хрысце Пану.

Благаславіўшы сабраных і акрапіўшы іх святой вадой, біскуп паехаў далей, каб наведаць на тэрыторыі архідыяцэзіі пілігрымаў з лідскага фарнага касцёла, а ўдзельнікі пілігрымак працягнулі свой шлях у Будслаў.

Улад Зарэцкі, (AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа