Пошук

28.06.2016 00:00  

28 чэрвеня ў Вішнёўцы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу для пілігрымаў, якія напярэдадні выйшлі з мінскага архікатэдральнага касцёла, скіроўваючыся ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

У гаміліі арцыпастыр найперш узгадаў пра асобу св. Ірынея, якога Касцёл успамінае ў гэты дзень. Гэты святы жыў у II стагоддзі і быў біскупам Ліёна. Ён адзначыўся захаваннем чысціні хрысціянскай веры і асабліва барацьбой з ерасямі, напісаў на гэтую тэму спецыяльны трактат.

Таксама Мітрапаліт засяродзіў увагу на ўрыўку з Евангелля, які Касцёл прапануе на гэты дзень, дзе распавядаецца пра суцішэнне буры на Галілейскім возеры.

«Разам з Езусам у чаўне знаходзяцца апосталы. Езус спіць, а бура шалее. Апосталы просяць Езуса, каб ратаваў іх, бо яны гінулі. І Езус сапраўды суцішае буру. Але Ён адначасова дакарае авпосталаў, што яны малой веры, — адзначыў арцыбіскуп. — Калі будзем уважліва чытаць Евангелле, то лёгка заўважым, што перад здзяйсненнем цуду Езус заўсёды патрабаваў веры і нават казаў, што вера чыніць цуд. Таму вера з’яўляецца ўмовай цуду».

Іерарх звярнуў увагу, што ў першым чытанні прарок Амос папярэджвае аб Божай помсце для тых, хто не навяртаецца, і нават успамінае пра кару Садомы і Гаморы. У той жа час Мацвей распавядае пра магутную прысутнасць Бога, які спяшаецца да людзей з дапамогай.

«Наша вера ў Божы Провід і наша малітоўная гатоўнасць дазваляюць нам стаць вышэй за штормы і не патануць у паніцы, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Шторм працягваўся і пасля таго, як апосталы разбудзілі Езуса. І толькі пасля таго, як Езус спытаў, чаму яны малой веры, Ён загадаў ветру сцішыцца».
Як дадаў іерарх, гэтыя словы Евангелля з’яўляюцца вельмі значнымі, бо «калі чалавек прабуджаецца з прысутнасцю Езуса ў сваім сэрцы і з Ім прабывае, то атрымае Яго дапамогу і духоўны супакой».

«Метэаралагічны феномен шторму ўсім нам добра вядомы. Нават летам надвор’е можа змяніцца нечакана, што мы бачым вельмі часта, і неспадзявана можам апынуцца ў цэнтры шторму. Падобна гэтаму мы зусім неспадзявана можам апынуцца ў цэнтры духоўнага шторму, — заўважыў арцыпастыр. — У адзін дзень у нас усё добра, у іншы ж — вельмі дрэнна».

«Крык апосталаў: “Езу, ратуй нас”, — гэта наш крык», — дадаў арцыбіскуп.
 
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў пілігрымаў праз давер да Божай Маці прасіць міласэрнага Езуса, каб ратаваў іх ад уплыву ўсялякага зла і суцішыў грахоўную буру.

(DN), (AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця