19 чэрвеня дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі здзейсніў пастырскую візітацыю ў парафію Святога Казіміра ў Лагойску.
Адметна, што візітацыя прайшла ў дзень кансэкрацыі касцёла. Роўна 17 гадоў таму кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў святыню, якая была чацвёртай па ліку на тым самым месцы.
Падчас урачыстай святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на багатую гісторыю Лагойскай парафіі, якая звязана з братамі Тышкевічамі, фундатарамі касцёла. Таксама біскуп адзначыў, што час з моманту кансэкрацыі касцёла быў плённым для парафіі.
«Павялічваецца колькасць вернікаў, усё больш маладых сем’яў прыступаюць да сакрамэнту шлюбу. Пры касцёле ўзнікаюць і плённа дзейнічаюць шматлікія свецкія каталіцкія супольнасці, такія як Легіён Марыі, суполкі сем’яў END Notre-Dame і інш», — заўважыў біскуп Юрый Касабуцкі падчас сваёй гаміліі.
Напрыканцы іерарх дадаў, што шчыра верыць у тое, што парафія і надалей будзе развівацца.
Антон Паплёўка