Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёна Аляксандр Яшэўскі SDB з 17 па 19 чэрвеня знаходзіўся з пастырскай паслугай у парафіі Св. Брата Альберта у Моньках (Беластоцкая архідыяцэзія, Польшча).
Нагодай для візіту стаў парафіяльны адпуст і звязанае з ім 40-гадзіннае набажэнства, якое трывала ў парафіі на працягу трох дзён.
Іерарха з Беларусі запрасіў пробашч Монькаўскай парафіі ксёндз-канонік Хенрык Радзевіч, які ў свой час амаль ад пачатку 1990-ых быў душпастырам у Гродне і зараз ў розны спосаб працягвае дапамагаць каталіцкім парафіям Беларусі, будучы душпастырам на Беласточчыне.
Першы дзень пастырскай паслугі беларускага іерарха быў прысвечаны адпустовай урачыстасці і постаці галоўнага апекуна парафіі св. брата Альберта.
«Стаць добрым, як хлеб, па прыкладу святого брата Альберта»
Прамаўляючы гамілію на кожнай святой Імшы, біскуп Аляксандр заўважыў, што ў жыцці кожнага чалавека вельмі вялікае значэнне маюць іншыя людзі:
«Дзякуючы навукоўцам, мы ўсё больш пазнаём сусвет і тое, што вакол нас. Дзякуючы бацькам, родным і сябрам, мы вучымся любіць, супрацоўнічаць і шанаваць іншых, — адзначыў біскуп. — Дзякуючы святарам і манаскім асобам, мы лепш пазнаём Бога і вучымся любіць Яго і бліжніх.
Аднак ёсць у нашым жыцці асаблівыя хвіліны, калі мы пазнаём кагосьці, дзякуючы каму становімся іншымі, больш лепшымі. Такой асобай з’яўляецца апякун парафіі — святы брат Альберт».
Стаць Alter Christus — другім Хрыстом
Нагадаў іерарх і пра гісторыю навяртання Альберта Хмялоўскага, а таксама яго шлях у пошуках адказу пра сэнс свайго жыцця і збаўлення.
«Святы брат Альберт зразумеў, што сапраўдны сэнс жыцця цяпер і ў вечнасці абапіраецца на аднаўленні сваіх адносін з Богам. Гэтыя адносіны магчымы для чалавека толькі праз пасрэдніцтва Яго Сына, Езуса Хрыста. Менавіта таму нам неабходна грунтавацца на Езусе Хрысце, як на нашым Збаўцы.
Аднак сапраўднага сэнсу жыцця мы не знойдзем, толькі калі прызнаем Езуса сваім Збаўцам. Праўдзівы сэнс знойдзем толькі тады, калі пачнем наследаваць Хрыста як Яго вучні, будзем вучыцца ад Яго, праводзіць з Ім час на малітве, чытаць Яго Слова, Біблію і жыць Яго запаведзямі.
Менавіта гэта ўчыніў ў сваім жыцці святы брат Альберт, які стаў добрым як хлеб, гэта значыць, наследуючы ва ўсім Хрыста, сам стаўся хлебам для іншых, стаўся Alter Christus, другім Хрыстом!» — нагадаў біскуп.
На завяршэнне адпустовай святой Імшы іерарх заахвоціў «дазволіць Богу дзейнічаць у нашым жыцці», каб «сам Бог даў нам досвед праўдзівага і адзінага сэнсу, які засноўваецца на выкананні Яго волі і Яго паклікання».
«Каб Эўхарыстыя стала сэрцам кожнай нядзелі»
Другі дзень 40-гадзіннага набажэнства 18 чэрвеня быў прысвечаны Эўхарыстыі.
«Пакарму з неба, якім ёсць Эўхарыстыя, хачу прысвяціць разважанні сёняшняга дня, тым больш, што беластоцкая зямля праз Эўхарыстычны Цуд у Сакулцы пазначана асаблівым заклікам — жыць Эўхарыстыяй і моцна цаніць каштоўны дар з неба», — сказаў біскуп Аляксандр.
Іерарх падчас свайго разважання, грунтуючыся на словы св. Яна Паўла II аб Эўхарыстыі, асабліва заахвоціў вернікаў, «каб Эўхарыстыя стала сэрцам кожнай нядзелі, каб не было нядзелі без сэрца, без гэтых выключных адносін спраў чалавека да Бога і справы Бога да чалавека».
Цытуючы словы Езуса Хрыста, якія асабліва адносяцца да Эўхарыстыі, біскуп Аляксандр прасіў вернікаў у Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці «лепш зразумець, што азначае поўная Камунія (з'яднанне) з Хрыстом падчас кожнай Эўхарыстыі».
«Трэба зрабіць пераацэнку і дацаніць дар святой Камуніі, каб як мага часцей карыстацца з магчымасці прыступаць да стала Пана і не пагарджаць Яго Найсвяцейшым Целам», — заклікаў іерарх.
«Малітва — гэта ўзмацненне нашай веры»
Трэці і апошні дзень 40-гадзіннага набажэнства быў прысвечаны малітве, якая дапамагае чалавеку не згубіць Бога, а яшчэ больш з’яднацца з Ім.
«Ці сучасны чалавек можа жыць без малітвы? — задаваў вернікам пытанне іерарх. — Чаму ў цяжкія хвіліны мы пачынаем маліцца? Кожны, хто хаця б раз у сваім жыцці быў у цяжкай сітуацыі, шукаў паратунку на малітве, можа лёгка адказаць на гэтыя пытанні. Малітва прыносіць з аднаго боку палёгку, усведамленне таго, што Бог з намі, а з другога боку напаўняе нас надзеяй на існаванне добрага вырашэння сітуацыі. Малітва — гэта ўзмацненне нашай веры і сведчанне для іншых».
У гэты дзень на Імшы Суме біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 70 маладым людзям, а таксама цэлебраваў святую Імшу і прамовіў гамілію для хворых у мясцовым шпіталі.
У гаміліі беларускі іерарх заахвочваў моладзь да сапраўднага і мужнага вызнавання сваёй веры і жыцця паводле запаведзяў Пана, а хворых людзей — да поўнага даверу Богу свайго цярпення і вернасці ў выкананні Яго волі.
(AYA), (IL)