З 17 па 19 сакавіка ў парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках прайшлі
рэкалекцыі на Вялікі пост. Праводзіў іх айцец капуцын Андрэй Квяцінскі,
пробаршч парафіі Св. Валянціна ў Смалявічах.
Сустрэчы праходзілі не толькі ў парафіяльным касцёле, але і ў капліцах ў Эйгердах і Ляпешках. Асобна была арганізавана сустрэча для моладзі.
Айцец Андрэй дапамог вернікам паглыбіцца ў сэнс тэкстаў Евангелля і разам з тым глыбей зазірнуць у сваё сэрца і ў сваю веру. На пачатку рэкалекцый святар засяродзіў увагу над тым, што слова Божае заўсёды актуальнае, таму падчас кожнай Імшы чытанне з Евангелля неабходна слухаць так, быццам яно адрасавана менавіта табе.
Рэкалекцыяніст падкрэсліў, што Бог міласэрны, што Ён любіць кожнага чалавека і прымае нас такімі, якімі мы ёсць. І задача чалавека — быць перад Богам у праўдзе, цалкам давярацца Яму.
Напрыканцы айцец Андрэй працытаваў словы святога Францішка з Асізі: «Заўжды абвяшчайце Евангелле і, калі будзе патрэбна, не толькі з дапамогаю словаў». Хрысціяне павінны дзяліцца сваёю вераю. І словы тут не на першым месцы, галоўнае — жыць у веры, каб людзі, якія з намі побач, бачылі прыклад сапраўднага хрысціянскага жыцця і натхняліся гэтым.
Пробашч парафіі ад імя ўсіх вернікаў падзякаваў айцу Андрэю за прысвечаны час, супольную малітву, адкрытасць, дабрыню і шчырасць.