15 лютага навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з прэфектам кс. Андрэем Лішко сустрэліся з дзецьмі-інвалідамі, якія выхоўваюцца ў доме-інтэрнаце ў вёсцы Галавічполле.
Семінарыйная супольнасць ужо не першы год апякуецца выхаванцамі інтэрната, заўсёды прыязджаючы да іх з радасцю і пашанай як да вельмі блізкіх людзей.
Насычаная яркімі эмоцыямі і ўражаннямі атмасфера прыяла таму, каб дзеці адчулі бязмежную любоў, узаемападтрымку і цеплыню бацькоўскага дома.
Час, праведзены сумесна, дазволіў таксама і семінарыстам адчуць невымоўную асалоду ад магчымасці несці жыццядайнае пасланне Евангелля для самых абяздоленых, хворых і пакінутых.