XXVI Міжнародны турнір па футболе ў Варшаве быў арганізаваны польскім Каталіцкім спартыўным таварыствам. Сёлета ў турніры бралі ўдзел каманды з Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ва ўзроставых групах з 2000 па 2007 год нараджэння.
Сярод мэтаў, якія ставяць перад сабой арганізатары турніру, — выхаванне дзяцей і моладзі праз заняткі спортам, інтэграцыя са сваёй парафіяй, уменне правільна паводзіць сябе на пляцоўцы, выхаванне культуры паводзінаў падчас гульні і на трыбунах, уменне планаваць вольны час у паўсядзённым жыцці.
Беларусь прадстаўлялі дзве каманды з Гродзенскай дыяцэзіі — Гродна 2001 і Гродна 2002.
У склад гэтых каманд уваходзілі гульцы з гродзенскіх парафій (Гродна-Аўгустоўкі, Гродна-Вішнявец, Гродна-Дзевятоўка, Гродна-катэдра) і парафіі ў Каробчыцах.
Апекуном беларускай групы выступіў кс. Артур Малафей, адказны па справах спорту ў Годзенскай дыяцэзіі. Трэнер каманды — Аляксандр Гусар (футбольны клуб «Слонім»).
Беларускія каманды распачыналі свой дзень з удзелу ў святой Імшы. Напачатку і на заканчэнне турніру таксама прайшла супольнай малітва.
У сваіх узроставых катэгорыях каманда Гродна 2001 заняла 2 месца (з дзевяці каманд), а каманда Гродна 2002 — 1 месца (з дзевяці каманд), атрымаўшы перамогу ва ўсіх васьмі матчах.
Лепшым гульцом турніру прызнаны Уладзіслаў Чэчко з каманды Гродна 2001.
Лепшы галкіпер — Вадзім Сляпец з каманды Гродна 2002.
Лепшым апекуном турніру прызналі кс. Артура Малафея.
Акрамя гэтага ў кожнай камандзе была намінацыя самы каштоўны гулец. У камандзе Гродна 2001 ім быў прызнаны Міраслаў Эльяшэвіч, у камандзе Гродна 2002 — Уладзіслаў Лышчык.
Беларускія каманды разам са сваімі апекунамі выказваюць удзячнасць сем’ям з парафіі Святога Патрыка ў Варшаве, якія прымалі на начлег футбалістаў.
Міраслаў Эльяшэвіч, (VGr)
Фота кс. Артура Малафея