З 3 па 6 студзеня моладзь з розных парафій сабралася ў Навагрудку, каб, разважаючы над постацямі Езуса, Марыі і Юзафа, засяродзіцца над іх жыццём, беручы прыклад з іх штодзённага ўзрастання ў любові і святасці.
«Святая Сям’я. Мая сям’я» — на такую тэму сёстры назарэтанкі правялі рэкалекцыі для моладзі ў Навагрудку.
Разважанні, падрыхтаваныя кс. Міхалам Бубенам, раскрывалі сутнасць адносінаў у сям’і, дапамагалі зразумець свае памылкі і заахвочвалі да малітвы за бацькоў, родных, за будучых сужанцаў.
Для біблійных разважанняў сёстры назарэтанкі прапанавалі тэксты Святога Пісання, якія найбольш удала раскрываюць Божы план для кожнай сям’і, а таксама Божае Слова аб тым, якім павінен быць юнак і дзяўчына, каб стаць добрым мужам і жонкай, або проста добрым хрысціянінам.
Забавы, танцы і спевы з’ядналі моладзь, а супольныя адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту наблізілі яе яшчэ больш да Хрыста. Смела можна сказаць: пакуль мы вучыліся, як клапаціцца пра сем’і і правільна рыхтавацца да сямейнага жыцця, мы самі стварылі адну вялікую сям’ю — малады беларускі Назарэт!
Наступныя рэкалекцыі ў Навагрудку пройдуць 28-31 сакавіка. Да ўдзелу ў іх запрашаюцца дзяўчаты 8-11 класаў.