У святую ноч Божага Нараджэння вялікае святло заззяла над зямлёй. Адзінародны Сын Божы, Езус Хрыстус, «выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі» (Флп 2, 7) i прыйшоў у гэты свет як убогае, пакорнае, безабароннае Дзіцятка. Сапраўдны Бог стаўся чалавекам, каб усяму чалавецтву аб’явіць у паўнаце сваю бясконцую любоў.
Падобна як пастухі з ваколіц Бэтлеема, якія ў тую ноч вартавалі свой статак, сёння мы чуем тыя самыя словы Добрай Навіны: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 10-11). Асвячаныя святлом веры, мы прыбываем да стаенкі і схіляем галаву перад Нованароджаным Збаўцам, у абліччы якога ззяе найцудоўнейшая з таямніц: таямніца Божай любові.
Даверымся гэтай любові і адкрыем нашы сэрцы Хрысту. Няхай Той, які нарадзіўся для нас, народзіцца таксама ў нас. Дазволім Яму перамяніць наша жыццё, напоўніць яго радасцю, надзеяй, супакоем. Няхай у нашых сем’ях, у месцах вучобы і працы, у супольнасцях, да якіх мы належым, і ва ўсім грамадстве будзе як мага больш узаемнай павагі, дабрыні, міласэрнасці і прабачэння. Тады мы адчуем сапраўдную радасць, якую нясе нам Нованароджаны Сын Божы.
У поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння атачаю вас усіх, дарагія браты і сёстры, сваёй малітвай і складаю самыя сардэчныя віншаванні. Няхай Езус Хрыстус кожнаму шчодра благаславіць, умацоўваючы ў веры, надзеі і любові, няхай адорыць добрым здароўем і ўдзеліць шчодрасць усялякіх ласкаў. Няхай Новы год Панскі 2017 будзе паспяховым і шчаслівым, а кожны яго дзень праходзіць пад знакам Божага благаслаўлення.
Вясёлых святаў!
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі