З 9 па 11 снежня ў парафіі Святога Станіслава Мучаніка ў Ляцку (Шчучынскі дэканат) адбыліся адвэнтавыя рэкалекцыі, якія праводзіў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
Падчас рэкалекцый іерарх засяродзіў сваю ўвагу на тым, каб нагадаць прысутным, што Бог, ствараючы чалавека з любові, уклаў у сэрцы кожнага чалавека вялікую любоў і прагненне пошуку Бога, ахвоту яднання з Ім, якую грэх забівае, што робіць чалавека нясчасным.
Шмат увагі біскуп прысвяціў сямейнаму жыццю і пагрозам, якія сёння перажывае каталіцкая сям’я.
Як адзначыў іерарх, кожнае жыццё чалавека — гэта бязцэнны дар, які трэба берагчы, а Бог, ствараючы чалавека, загадаў каб чалавек быў плодны і размнажаўся (Быцця 1,28). Прымаючы Бога у сваю сям’ю, мы не можам не прыняць і Божы план, але пакліканыя, каб разважаць над ім і, распазнаўшы, рэалізоўваць, каб прыносіць неабмежаванае шчасце кожнаму чалавеку, а таксама быць прыкладам веры для дзяцей.
Атмасфера спакою і добразычлівасці, у якой адбываліся духоўныя практыкаванні, напэўна, прынясуць свой плён.
Рэкалекцыі скончыліся пастырскім благаслаўленнем, якое ўліло ў сэрцы вернікаў радасць, бо Божая ласка і радасць — гэты плён дзеяння Святога Духа.