14 лістапада ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны і Св. Юзафа Каласанса ў Лідзе прайшоў дзень засяроджанасці законных сясцёр, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Сустрэча распачалася Вяночкам да Божай Міласэрнасці і дакладам, з якім перад сабранымі выступіў кс. Віктар Ханько, пробашч з парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах. Галоўнай тэмай даклада была думка аб тым, што дапамагае і што перашкаджае кансэкраваным асобам ісці за Езусам.
Ксёндз Віктар захапляльным чынам раскрый тэму на падставе фрагментаў Святога Пісання і прыкладамі са свайго жыцця.
Пасля даклада была магчымасць памаліцца, адаруючы Найсвяцейшы Сакрамэнт і прыступіць да сакрамэнту пакаяння. День засяроджанасці скончыўся св. Імшой, якую узначаліў ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна. У гаміліі святар нагадаў пра завяршэнне Надзвычайнага Юбілейнага Года Божай Міласэрнэсці.
У сваіх разважаннях канонік дапамагаў задумацца над тым, як прайшоў Юбілейны Год для святароў і кансэкраваных асобаў і ці не змарнавалі яны ласкі, якімі Бог адорваў на працягу гэтага святога часу.
Пасля духоўных спраў можна было падмацавацца фізічна дзякуючы гасціннасці супольнасці айцоў піяраў, якія нясуць служэнне ў парафіі, дзе прайшоў дзень засяроджання.