13 лістапада дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі закрыў сімвалічныя Брамы Міласэрнасці ў лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа (фара). Святыя Дзверы былі адчынены на працягу ўсяго Юбілейнага Года Міласэрнасці, і вернікі, праходзячы праз іх, мелі магчымасць атрымаць спецыяльныя адпусты.
Іерарх узначаліў святую Імшу, падчас якой заахвоціў да выражэння падзякі Пану Богу за пражыты год ласкі. У гаміліі біскуп адзначыў, што сімвалічнае закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў святыні не азначае, аднак, спынення ўдзялення Божай Міласэрнасці.
«Гэты пражыты намі год быў урокам міласэрнасці. Зараз час для дзейнасці. Гэта час, каб мы ішлі ў свет і пазначалі яго нашым дотыкам, каб былі міласэрнымі да іншых, каго Пан ставіць кожны дзень на шляху нашага жыцця», — сказаў іерарх.
Біскуп заклікаў усіх прысутных кожны дзень практыкаваць учынкі міласэрнасці адносна душы і цела, падкрэсліўшы, што гэтага жадае ад кожнага чалавека сам міласэрны Бог.
Напамінам пра гэты час надзвычайнай Божай ласкі, якая сыходзіла на тых, хто праходзіў праз Брамы Міласэрнасці, атрымліваючы адпусты, стане памятны знак Года Міласэрнасці, які ў гэты дзень, што завяршае Юбілей Міласэрнасці ў лакальных Касцёлах, быў умураваны ў сцяну святыні.