У Навагрудскім раёне 8–9 лістапада ў 15-ці навучальных установах адбылася прэзентацыя выстаўкі «Два шляхі: што выбіраеш ты?» і лекцыі на тэму важнасці захавання чыстасці да заключэння сакрамэнту сужэнства.
Семінар, які праходзіць з 3 па 10 лістапада ў Навагрудку, арганізаваны мясцовай парафіяй Святога Міхала Арханёла супольна з мясцовымі ўладамі і дабрачынным пралайф-фондам «Адкрытыя сэрцы».
Абарона жыцця зачатых дзяцей, захаванне сямейных каштоўнасцей, небяспека дашлюбных адносін — гэтыя і іншыя тэмы закраналіся падчас сустрэч для медыкаў, педагогаў і сацыяльных работнікаў, а таксама на семінары для сужэнцаў.
Далейшай часткай праграмы стала прэзентацыя выстаўкі «Два шляхі: што выбіраеш ты?» і лекцыі на тэму важнасці захавання чыстасці, якія адбываліся 8 і 9 лістапада ў розных навучальных установах.
Лектары з дабрачыннага фонда «Адкрытыя сэрцы» выступілі з прэзентацыямі і лекцыямі ў 12 сярэдніх школах Навагрудка і Навагрудскага раёна, а таксама ў Навагрудскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным ліцэі, Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы і Навагрудскім дзяржаўным гандлёва-эканамічны каледжы.
Форум завершыцца 10 лістапада круглым сталом, на якім удзельнікі падвядуць вынікі і падзеляцца сваімі заўвагамі.
Дабрачынны фонд абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы» — зарэгістраваны згодна з закандаўствам у 2009 годзе. Мэтай фонду з’яўляецца абарона чалавечага жыцця з моманту зачацця і да натуральнай смерці, а таксама распаўсюджванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Супрацоўнікамі і валанцёрамі фонду з’яўляюцца больш за 50 чалавек у многіх гарадах Беларусі. Між іншым, фонд арганізоўвае курсы па падрыхтоўцы да сямейнага жыцця і праводзіць перадабортнае кансультаванне.
Кс. Кірыл Бардонаў
Фота аўтара