Пошук

08.11.2016 13:33  

7 лістапада група жыхароў з Ліды пад кіраўніцтвам кс. Юрыя Беганскага, душпастыра хворых і медыкаў у Лідзе, здзейсніла пілігрымку да Вострай Брамы ў Літве. Пілігрымка, у якой прынялі ўдзел больш за сто чалавек, была прысвечана заканчэнню Года Міласэрнасці.

Свой шлях у літоўскай сталіцы пілігрымы распачалі з наведвання дому св. Фаўстыны. У гэтым кляштары манахіня перажывала містычныя аб’яўленні ў 1935 годзе, калі Езус Хрыстус прадыктаваў сястры Вяночак да Божай Міласэрнасці. Тут жа яна пачала пісаць свой дзённік.

Сёння ў доме св. Фаўстыны знаходзіцца цэнтр пілігрымаў. У гэтым месцы захоўваецца таксама рэліквіярый манахіні, а менавіта ў тым пакоі, дзе калісьці разам з іншымі сёстрамі жыла і с. Фаўстына. У гэтым доме змешчаны і рэліквіі благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі, а  таксама стула і шкатулка, якая належала калісьці душпастыру сястры Фаўстыны.

Пазней пілігрымаў чакала св. Імша пры алтары Маці Божай Вострабрамскай. Арганізатар выезду падчас гаміліі падкрэсліў, што «сёння Маці Божая запрасіла да сябе, прагнучы ахінуць нас сваёй любоўю і міласэрнасцю свайго Сына».

«Прысутнасць Бога ў нашым жыцці ніколі не пакіне нас без руху, заўсёды стымулюючы да дзеяння. Бо, калі Бог прыходзіць, Ён заўсёды запрашае нас адмовіцца ад слабасцяў і ісці за Ім. З пакалення ў пакаленне, дзень за днём, мы з’яўляемся запрошанымі да аднаўлення сваёй веры», — адзначыў кс. Юрый Беганскі.

Пілігрымы памаліліся таксама за біскупаў і ўсю Гродзенскую дыяцэзію, апякункай якой з’яўляецца Маці Божая Вострабрамская.

Не забыліся пілігрымы і пра санктуарый Божай Міласэрнасці ў Вільнюсе, дзе знаходзіцца арыгінальны абраз Езуса Міласэрнага. У гэтым месцы пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце яны маліліся ў сваіх асабістых інтэнцыях, з якімі прыехалі.

(JB), (IL)
Фота кс. Юрыя Беганскага


Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця