5 лістапада ў Навагрудку прайшоў першы дзень семінару для медыкаў, педагогаў і сацыяльных работнікаў, прысвечаны каштоўнасці чалавечага жыцця.
Настаўніцы мясцовых школ, гімназій, ліцэя, а таксама сацыяльныя работнікі і медыкі праслухалі даклады валанцёраў дабрачыннага пралайф-фонда «Адкрытыя сэрцы» з Магілёва.
На сустрэчу прыехалі таксама некалькі студэнтаў з медыцынскага ўніверсітэта ў Гомелі, моладзь з Гродна.
Студэнты другога і чацвёртага курса Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта падзяліліся, што яшчэ дакладна не вызначылі сваю накіраванасць у сферы медыцыны, але адзначылі важнасць атрыманай інфармацыі, якую не заўсёды пачуеш з вуснаў выкладчыкаў.
Знаёмства пачалося з прэзентацыі выстаўкі, выкарыстоўваючы якую, валанцёры пралайф-фонда «Адкрытыя сэрцы» ладзяць такія «медыцынска-асветніцкія» выезды для моладзі па ўсёй Беларусі.
Аляксандр Лебедзеў, пратэстант і бацька трох сыноў, які зараз з жонкай жыве ў Жыткавічах, распавёў пра тое, якім чынам можна гаварыць на складаныя тэмы з падлеткамі.
Важнасць цнатлівасці, якая вельмі патрэбная для стварэння шчаслівай сям'і; «спатканняў», якія маюць сэнс толькі тады, калі абедзве асобы гатовыя ўзяць адказнасць адзін за аднаго і прыйсці да шлюбу; значэнне шчырага сяброўства без падстаў закаханасці, калі асобы могуць у свабодзе і адкрытасці даведвацца адзін пра аднаго і многае іншае — тэмы, якія закрануў Аляксандр у сваім дакладзе.
Падлеткам патрэбна, каб ім паказалі іншы бок рэальнасці, бо, як сказаў дакладчык, шмат хто думае, што іначай — прыгожа праз цнатлівасць — быць увогуле не можа.
Важна, як было адзначана, каб былі людзі, якія б данеслі інфармацыю пра альтэрнатыву, а не казалі пра дэградацыю новага пакалення. Для гэтага якраз і існуюць валанцёры, якія ідуць і простай мовай могуць патлумачыць тое, што не проста дрэнна з пункту гледжання маральнасці, але яшчэ і шкодна для здароўя.
З 8 па 10 лістапада ў межах гэтага семінара валанцёры прачытаюць лекцыі ў 15 навучальных установах Навагрудчыны.
Пасля ўрач з Расіі Людміла Баракова, акушэр-гінеколаг з 40-гадовым стажам, якая зараз з'яўляецца інструктарам метаду распазнавання плоднасці, распавяла пра тыя асаблівасці кантрацэпцыі, пра якія сучасным жанчынам у большасці выпадкаў не будзе распавядаць гінеколаг.
Спецыяльныя курсы ў гэтага спецыяліста, а таксама яе паплечніц можна прайсці праз вэбінары.
Людміла Баракова разам з тым вельмі шмат падарожнічае, выступаючы перад многімі людзьмі, якім хоча «якасна» падаць інфармацыю пра метад распазнання плоднасці (МРП), які б яе «вучні», большасць з якіх педагогі, маглі б перадаваць іншым.
Таксама інфармацыяй пра натуральныя роды, дзякуючы найперш уласнаму вопыту, падзялілася маці пяцярых дзяцей Алена Валаховіч.
Як нарадзіць дзіця, калі першы раз у вас было кесарава? У чым усе плюсы натуральных родаў? Наколькі рэальна нарадзіць дзіця ў Беларусі ў спецыяльным крэсле, а не ў ляжачым становішчы, а яшчэ і ў хатніх умовах? У чым небяспека стымуляцыі родаў і абязбольвання? — на гэтыя і многія іншыя пытанні адказала Алена, якая і ў самім Навагрудку ўжо два разы праводзіла школу родаў.
«Многія рэчы я не ведала, а зараз буду ведаць, што павінна сказаць сваёй унучцы, якая падрастае», — прызналася настаўніца Ганна Казіміраўна з Навагрудскай гімназіі, якая сапраўды атрыманыя веды зможа прымяніць ужо ў выхаванні будучага пакалення.
Хтосьці з прысутных найперш распавядзе гэту інфармацыю сваім блізкім і зусім выпадковым, як, напрыклад, верніца, якая прыехала з Гомеля і на працягу ўсіх лекцый старанна канспектавала пачутае ў вялікім сшытку, хтосьці – сваім навучэнцам, а хтосьці – дочкам, унучкам ці нявесткам.
Аксана Ючкавіч, фота аўтара