Дзеці і моладзь францішканскай парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне крэатыўна правялі вігілію ўрачыстасці Усіх Святых. Замест удзелу ў язычніцкім Хэлоўіне яны адзначылі свята «Holy Wins» – «Святы перамагае».
Апрануўшыся ў касцюмы сваіх улюбёных святых, дзеці ўдзельнічалі ў Імшы, пасля якой кожны распавёў парафіянам, якога святога прэзентуе і чаму выбраў менавіта яго. Святыя Губерт і Бэнэдыкт, Марта, Анастасія, Агата, Францішак з Дамінікам, некалькі анёлаў ахоўнікаў і дзве святыя Цэцыліі дазволілі парафіянам францішканскай святыні ўзгадаць гісторыі гэтых незвычайных асобаў, якія выбралі Хрыста галоўнай каштоўнасцю свайго жыцця.
Пасля малітвы мелі месца невялікі імправізаваны канцэрт, інтэграцыйныя танцы і салодкі стол, з мэтай нагадаць сабе і бліжнім, што святы не мусіць быць сумным.
(AG)